Арганізаваны супраціў айчынных імпарцёраў змусіў Міністэрства эканомікі перагледзець пастанову № 179, што прадугледжвала абмежаваньне надбаўкі на імпартныя тавары ў межах 30%.

Пастанова Мінэканомікі № 179 пабачыла сьвет 3 верасьня і ўжо празь дзесяць дзён мусіла ўступіць у сілу. Яна прадугледжвала абмежаваньне надбаўкі на імпартныя тавары ў межах 30%. Ініцыятыва міністэрства, якая паводле афіцыйнай вэрсіі мусіла абараніць айчынных вытворцаў, сустрэла актыўны і арганізаваны супраціў з боку прадпрымальнікаў. Кіраўнікі бізнэс‑супольнасьці мелі некалькі сустрэчаў з кіраўніцтвам Мінэканомікі і Саўміну. Чыноўнікаў азнаёмілі з вынікамі незалежнага аналізу мэтазгоднасьці і магчымых наступстваў рэалізацыі пастановы. На думку прадстаўнікоў бізнэсу, абмежаваньне надбаўкі на імпартныя тавары зробіць працу большасьці малых і сярэдніх гандлёвых прадпрыемстваў фактычна немагчымай, што абяцае страту дзясяткаў тысяч працоўных месцаў. Непазьбежнымі стануць зьніжэньне розьнічнага таваразвароту, недабор падаткаў і ўмацаваньне ролі чорнага рынку. Буйныя ўдзельнікі рынку імпарту пераарыентуюцца на наўпроставыя кантакты з замежнымі пастаўшчыкамі, таму большая частка сродкаў будзе асядаць за мяжой. Айчынныя тавары найхутчэй яшчэ актыўней будуць выцясьняцца патанелымі імпартнымі.

4 верасьня на імя кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага быў накіраваны ліст з прапановай прыпыніць увядзеньне ў дзеяньне пастановы № 179, які акрамя кіраўнікоў асноўных прадпрымальніцкіх аб’яднаньняў падпісаў дырэктар Дэпартамэнту па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Аляксандар Ліхачэўскі. За перагляд пастановы выказаліся Міністэрства гандлю і Белкаапсаюз. Мінгандлю палічыла неабходным захаваць абмежаваньне гандлёвых надбавак толькі ў дачыненьні да сацыяльна значных харчовых тавараў.

Вынікам актыўнасьці прадпрымальнікаў стала стварэньне Міністэрствам гандлю працоўнай групы, якая з улікам прапановаў, выказаных прадпрымальнікамі мусіць падрыхтаваць удакладненьні да пастановы. Імпарцёры пакуль працуюць па ранейшых правілах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?