Калі 38 гадоў таму ў далёкім казастанска-сібірскім памежжы лесарубы валілі роўнымі радамі агромністыя дрэвы, ці маглі яны разьлічваць на такую папулярнасьць сваёй нялёгкай працы?!. Цяпер жа дзякуючы спадарожнікавым здымкам Google’а твор лесарубнага мастацтва стаў вядомы на ўвесь сьвет. З высознага лесу, між дрэваў за паўсотні мэтраў ўвышкі высечаны 600-мэтровы надпіс: «Леніну 100 гадоў».
Зважаючы на зьмест, час і месца, цяжка ўявіць нешта іншае, як ідэалягічны заказ, выкананы паднявольнай працай. Гэтак і юбілей адзначылі, і ў цэнтар адрапартавалі, і мо нават амэрыканскіх шпегаў лесапісам уразілі. У часе халоднай вайны для варожых спадарожнікаў ня тое што надпісы — бутафорскія пляцоўкі запуску ядзерных ракет будавалі.
Тым часам, справа сібірскіх лесарубаў «жыве і перамагае». Сёньня на зямлі багата чаго робіцца ў разьліку на нябеснага гледча, і не з-пад палкі, а для забавы. Фігуркі жывёл, кругі на палях, жартаўлівыя і нават непрыстойныя малюнкі агромністых памераў. Вось толькі некалькі прыкладаў забаўных спадарожнікавых здымкаў, знойдзеных пільнымі карыстальнікамі.
Найвялікшы лягатып Кока-колы ў сьвеце, Чылі
Адбітак пальца, Вялікабрытанія