Хроніка рэпрэсій і супраціву за 16–22 траўня

16 траўня: затрыманьні каля расейскага пасольства

Менгарсуд 15 траўня пакінуў бязь зьменаў рашэньне судзьдзі Тацяны Масальскай зь Першамайскага суду, якая адхіліла пазоў кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі да Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі з нагоды абразы ягонага гонару й годнасьці ў фільме «Тэорыя змовы».

Кіраўнік сьледчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры Менску Сяргей Іваноў паведаміў, што сьледзтва ў справе пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай прыпыненае яшчэ 14 сакавіка. Сваякам пра спыненьне справы не паведамлялі.

Цягнік «Горадня–Кузьніца», якім ехаў у Польшчу на працэс «Нівы» Аляксандар Мілінкевіч і ягоны прэс-сакратар Павал Мажэйка, на 15 хвілінаў быў запынены на мяжы: памежнікі доўга правяралі іх асабістыя рэчы й з кімсьці раіліся.

У Менску на акцыі Дзень салідарнасьці каля расейскага пасольства затрыманыя Андрэй Зорка, Міхась Наскоў, Люда Атакулава, Аляксандар Курбацкі, Мікіта Шыцянкоў, Кацярына Дзяткоўская, Наста Шашкова, Зьміцер Кніга, Зьміцер Кумішча, Андрэй Прэсьнік, Павал Журпал, Аляксандар Сьцепаненка, Мікалай Сяргеенка, Максім Грычуха, Іра Янкелевіч, Аляксандар Корбан, Барысевіч, А. Дарэўскі.

17 траўня: тры месяцы турмы Радзівілу

Крупскі райсуд скончыў разгляд справы Алеся Пушкіна: матэрыялы вярнулі ў міліцыю – празь недахопы ў расьсьледаваньні. Пушкіна вінавацілі ў тым, што нібыта ён абліў фарбай помнік опэрупаўнаважанаму аддзелу контравыведкі СМЕРШ Васілю Чабатарову, Герою Савецкага Саюзу.

Пракуратура Менску афіцыйна папярэдзіла журналістку Ірыну Халіп за шэраг публікацыяў у расейскай «Новой газете», прысьвечаных палітычнай сытуацыі ў Беларусі: прыкметы парушэньня заканадаўства (дыскрэдытацыя Беларусі й паклёп на прэзыдэнта Беларусі) пракуратура знайшла практычна ўва ўсіх артыкулах.

У Жодзіне работнікі пракуратуры пачалі тэлефанаваньнямі выклікаць моладзевых актывістаў на допыты. Сьледчыя цікавіліся датычнасьцю актывістаў ад незарэгістраванага «Маладога фронту», фактам знаёмства з кіраўнікамі арганізацыі Паўлам Севярынцам, Зьмітром Дашкевічам. Сьпіс асобаў, якіх трэба апытаць у гэтай справе ў Жодзіне, прыйшоў зь Менску: у сьпісе 9 імёнаў моладзевых актывістаў.

Дацэнт катэдры славянскай гісторыі й мэтадалёгіі гістарычнай навукі Юры Бачышча, звольнены з БДПУ, пачаў працэс супраць навучальнай установы, абскарджваючы звальненьне. Бачышчу выгналі з БДПУ пасьля таго, як той быў назіральнікам на адным з выбарчых участкаў на прэзыдэнцкіх выбарах.

17–18 траўня адбываўся суд над Юр’ем Радзівілам, актывістам выбарчай кампаніі Аляксандра Казуліна. 2 сакавіка супрацоўнік спэцслужбаў страляў па аўтамабілі, у якім Радзівіл ад’яжджаў ад пастарунку, дзе ўтрымлівалі Казуліна. Пасьля пададзенай Радзівілам у пракуратуру заявы пра ўжываньне зброі затрымалі яго самога ды зьвінавацілі, што ён стварыў пагрозу жыцьцю работніку міліцыі. Радзівіла асудзілі на 3 месяцы турэмнага арышту, больш за два зь іх ён ужо адседзеў у СІЗА. Перад пачаткам працэсу каля будынку суду дзяжурылі людзі ў цывільным, якія не падпускалі да будынку журналістаў, а таксама тых, хто прыйшоў падтрымаць Радзівіла. Затрымалі Юлію Гарачку, Анатоля Гарачку (адпусьцілі як непаўналетніх), Крысьціну Шацікаву (2 базавыя велічыні штрафу), Аляксея Стральцова (арышт на 10 сутак), Паўла Драздова, Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча (па 15 сутак арышту). Затрыманых у аўтазаку завезьлі ў турму на Акрэсьціна. Драздову пры затрыманьні зламалі палец. Шацікаву пазьней некалькі разоў вазілі ў больніцу. Фотажурналістаў, якія спрабавалі здымаць затрыманьне, праваахоўнікі білі па камэрах.

Вярхоўны суд прыпыніў на 2 месяцы дзейнасьць апазыцыйнага Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі Беларусі за адсутнасьць юрадрасу.

У Салігорску ў справе «Маладога фронту» на допыт у гарадзкую пракуратуру выклікалі моладзевых актывістаў Івана Шылу, Яўгена Мядзьведзева, Рыгора Астапеню, Глеба Сандраса.

Адміністрацыя ААТ «Горадня-Азот» пазбавіла офіса суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве. Ліст на адмову арэнды падпісаў намесьнік дырэктара па ідэалягічнай рабоце Аляксандар Лапковіч.

18 траўня: аштрафаны пастар у Повіці

Каля Маскоўскага суду затрымалі Ірыну Завадзкую, якая ішла на працэсы моладзевых актывістаў З.Дашкевіча, А.Фінькевіча, К.Шацікавай і інш.

Ільлю Радковіча, пастара незарэгістраванай Аб’яднанай царквы хрысьціянаў веры эвангельскай у мястэчку Повіць Кобрыньскага раёну, аштрафавалі на 150 тыс.руб. за «ўхіленьне ад рэгістрацыі суполкі». Пастар заявіў, што ня лічыць неабходным афіцыйна рэгістраваць статут.

Суд Жыткавіцкага раёну Гомельшчыны адмяніў пастанову адміністрацыйнай камісіі райвыканкаму, паводле якой быў аштрафаваны галоўны рэдактар выданьня «Вольныя навіны» Міхаіл Козел: яго вінавацілі ў распаўсюдзе друкаваных выданьняў без выходных зьвестак.

Гомельскі аблсуд падтрымаў рашэньне Калінавіцкага райсуду, які аштрафаваў Канстанціна Каваленю, актывіста каманды А.Мілінкевіча, на 2550 тыс.руб., хаця і зьменшыў штраф да 1450 тыс.руб. Інвалід нібыта зьдзейсьніў крадзеж.

Магілёўскі суд адмовіўся задаволіць скаргу Сержука Нягаціна, які апратэстоўваў штраф у 10 б.в., вынесены яму падчас выбараў. Аналягічныя адмовы атрымалі ў Касьцюковіцкім судзе Мікалай Малахаў і Ўладзімер Патапаў.

У Віцебску за «дробнае хуліганства» (абраза падчас затрыманьня) быў аштрафаваны на 2 б.в моладзевы актывіст Сьцяпан Цішуцін. Хаця выпадковы сьведка адзначыў, што хлопец нікога не абражаў, судзьдзя Валянціна Міхасёва заявіла, што ня мае падставаў для недаверу работнікам міліцыі, якія пісалі пратакол затрыманьня.

19 траўня: допыты юнакоў у Лідзе

У аэрапорце «Менск-2» цягам 1 гадзіны мытнікі надглядалі рэчы сябра Палітрады дэмакратычных сілаў Віктара Карняенкі, які ляцеў у Капэнгаген на канфэрэнцыю па Беларусі.

У Лідзе пракуратура дапытала ў справе «Маладога фронту» Сержука Чайку, Віталя Калбыку, Яўгена Лапка.

21 траўня: хлопец ня даўся

Пасьля «Ночы музэяў» міліцыянты затрымалі ў пустым двары Аляксандра Апарына, які меў значак «За Свабоду». Яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы, але падпісваць пратакол ён адмовіўся.

22 траўня: Аўтуховіч перайшоў да сухой галадоўкі

Моладзевы актывіст Кастусь Усянок, зьбіты спэцназаўцамі падчас штурму намётавага гарадку, атрымаў ад кіраўніка ПМСН Падабеда пісьмовы адказ на сваю скаргу: міліцэйскі начальнік піша, што факт зьбіцьця праверкай не пацьвердзіўся.

Мін’юст адклікаў свой пазоў на ліквідацыю ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў».

У КДБ выклікалі кіраўніка Берасьцейскай абласной філіі ПБНФ Юрася Губарэвіча і папрасілі давесьці да партыйцаў, што няможна парушаць арт.342 і 369 КК (дзеяньні, якія груба парушаюць правы грамадзянаў, а таксама дзеяньні, якія дыскрэдытуюць Беларусь).

Уладзімер Кацора атрымаў адказ ад пракурора Чыгуначнага раёну Гомелю, старшага дарадцы юстыцыі Г.Раманюка: ён скардзіўся на хлусьлівыя сьведчаньні міліцыянта С.Нязнаева і грамадзянаў Сьмірнова й Каржа, паводле якіх яго пасадзілі на 15 сутак за «супраціў работнікам міліцыі». Пракурор адказаў, што яны ня могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці, бо «заканадаўствам не прадугледжана папярэджаньне грамадзянаў пра адказнасьць за дачу хлусьлівых паказаньняў пры разглядзе адміністрацыйных справаў».

Мікалай Аўтуховіч перайшоў да сухой галадоўкі, патрабуючы зьмяніць яму меру стрыманьня з арышту турэмнага на хатні. Дагэтуль вязень трымаў звычайнае галадаваньне.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0