Еўрапейская камісія прапанавала краінам — сябрам ЕС прыняць чарговыя 50 тысяч бежанцаў, але на гэты раз на добраахвотнай аснове. Брусель апублікаваў новыя прапановы па барацьбе з міграцыйным крызісам, паведамляе Радыё Польшча.

Такім чынам пацвярджаецца неафіцыйная інфармацыя аб тым, што Брусель змякчае сваю пазіцыю адносна прымусовага прыёму бежанцаў дзяржавамі-сябрамі. Прадстаўнікі ЕК прызнаюць, што праграма па рэлакацыі мігрантаў прынесла высокія палітычныя страты, а выгада была занадта малая.

Цяпер Брусель пакідае рашэнне аб прыняцці мігрантаў за краінамі — сябрамі ЕС і гатовы вылучыць на гэтую мэту 500 млн еўра. Акрамя таго, Еўракамісія факусуецца на лепшай ахове знешніх межаў Еўрасаюза і на больш эфектыўнай палітыцы вяртання, то бок дэпартацыі асобаў, чые заявы аб прадастаўленні прытулку былі адхіленыя. Яны павінны быць прынятыя назад краінамі іх паходжання пад пагрозай спынення фінансавання праграм дапамогі.

Новыя прапановы па барацьбе з міграцыйным крызісам супадаюць з заканчэннем тэрміну двухгадовай праграмы па пераразмеркаванні мігрантаў. Восенню 2015 года было прынята рашэнне аб прыняцці краінамі ЕС 120 тысяч чалавек. Да цяперашняга часу было размеркавана каля 29 тысяч мігрантаў.

Камісія вырашыла не працягваць гэтую праграму. Гэта азначае, што бежанцы, якія прыбудуць у Грэцыю або Італію з 27 верасня, не будуць уключаныя ў план пераразмеркавання. Такім чынам, працэдуры прыняцця і разгляду хадайніцтваў аб прадастаўленні прытулку зноў кладуцца на плечы ўладаў у Рыме і Афінах.

Еўрапейская камісія падкрэсліла, што па прычыне міграцыйнага крызісу ЕС у будучыні павінен адмовіцца ад «спецыяльных» працэдур і паскорыць працу над заканадаўствам аб прадастаўленні прытулку. Праект, падрыхтаваны Еўракамісіяй у мінулым годзе, выклікаў спрэчкі, бо ён меркаваў пастаяннае аўтаматычнае размеркаванне бежанцаў і штраф за адмову ў памеры 250 тысяч еўра за кожнага непрынятага мігранта. Цяпер ЕК заяўляе, што гатовая пайсці на кампраміс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0