Ідэя электроннай паперы не пасьпела прыжыцца на старонках фантастычных гісторый, як ужо трапіла ў навуковыя распрацоўкі, а неўзабаве — і ў крамы.

Гары Потэр і герой Тома Круза ў фільме «Асаблівае меркаваньне» яшчэ чыталі на экранах кінатэатраў выдуманыя фантастамі электронныя газэты, а тым часам у продажы зьяўлялася першая рэальная электронная папера.

У 1990-х гадах Джозэф Якабсан, будучы кіраўнік кампаніі «E-Ink» прыдумаў просты спосаб стварэньня электроннай паперы — чарнілы. Натуральна, таксама электронныя. Прынцып дзеяньня электрачарніл просты як раз і два. Бярэцца мікракапсула, якая запаўняецца фарбаваным алеем, туды кладзецца электрычна зараджаная белая часьціца. Калі на гэтую часьціцу паўзьдзейнічаць электрычнасьцю, яна падымецца да паверхні й стане бачная. Калі ўзяць вялікае мноства такіх вельмі дробных капсул, чаргаваньнем узьнятых і «ўтопленых» часьціц можна пісаць тэксты й нават перадаваць малюнкі ў адценьнях шэрага.

Ушчыльную за рэалізацыю гэтай задумы буйныя кампанія, аднак, узяліся толькі празь дзесяцігодзьдзе. А першая прыдатная для карыстаньня электронная кніга пабачыла сьвет у 2006-м.

Неўзабаве зьявіліся першыя і пакуль адзінкавыя каляровыя электронныя аркушы. Прынцып іхняй працы быў, бадай, такі самы, як у чорна-белых папярэднікаў, толькі кожная трэцяя ячэйка мела свой уласны фільтар: блакітнага, пурпуровага й жоўтага колеру, а гэтага дастаткова, каб як-ніяк перадаць усе асноўныя колеры.

Зрэшты, карыстальнікі пакуль пры вялікім жаданьні могуць ацаніць толькі магчымасьці чорна-белых электронных аркушоў. Да вялікага жаданьня трэба вялікае цярпеньне й немалыя грошы. Кожная новая мадэль электроннай паперы становіцца мэдыйнай падзеяй, аднак не ўсялякая пасьля даходзіць да вітрын кампутарных крамаў. Цана ж тых, што паступаюць у продаж, рэдка апускаецца за плянку ў тры сотні даляраў. А сёньня за такія грошы можна купіць якасны вадкакрышталёвы манітор.

Электронная папера названая менавіта паперай, а ня, скажам, звыштонкім маніторам, нездарма. Як і звычайная папера, яна не падсьвечваецца сьсярэдзіны, і яе можна, гэтаксама як даўней, чытаць ноччу пры лучыне. Між іншым, мэдыкі кажуць, што сьвятло з манітораў стамляе вока. І нарэшце, штуковіну таўшчынёй з звычайную фатаграфію нават танюткім маніторам называць неяк нязвыкла.

У навуковых лябараторыях ужо ёсьць электрапапера, якую амаль як газэтную, можна згінаць і скручваць, але пакупнікам пакуль прапануюцца пераважна мадэлі «ў цьвёрдай вокладцы».

У пэрспэктыве электронная папера, як і любое рэвалюцыйнае тэхнічнае адкрыцьцё, пагражае масавымі звальненьнямі. Толькі цэны ды навізна электрааркушоў стрымліваюць папяровыя выданьні ад немінучага краху. За электроннай газэтай ня трэба штораньня бегчы ў шапік, і, што важней, ня трэба чакаць, пакуль яе аддрукуюць у выдавецтве і ў той шапік прывязуць. Усе навіны трапяць на старонку адразу як адбудуцца, без затрымак і архаічных пасярэднікаў, у якой бы кропцы сьвету ні быў падпісчык.

Ня варта таксама забываць, што для электроннай паперы ня трэба штодня валіць гектары лясоў, траціць электрычнасьць на заводы і станкі, забруджваць газэтамі-аднадзёнкамі навакольле. Нават у параўнаньні з эканамічнымі кампутарнымі маніторамі электронны аркуш спажывае ў сто разоў меней энэргіі. Ад звычайных батарэек ён можа працаваць з гакам год.

Разам з тым, выглядае, пасада вярстальніка ў рэдакцыях застанецца, інакш чаму б навукоўцы так стараліся хутчэй зрабіць электронны аркуш такіх памераў, каб на ім магла без скажэньняў зьмясьціцца арыгінальна зьвярстаная газэта.

Мерзьлякаваты вецер перамен ужо ў 2005-м сапсаваў настрой кіраўніку службы распаўсюду газэты «New York Times» Білу Брыну: «Здаецца, я ведаю, як пачуваліся дыназаўры, калі наступіў ледавіковы пэрыяд і вакол іх стала падазрона халадаць», змрочна сказаў ён. Спадар Брын як у ваду глядзеў: у пачатку 2007-га ягоная газэта адной зь першых узялася тэсьціраваць электронную паперу для выбраных падпісчыкаў. Частковы пераход на электрапапяровы фармат абвесьцілі таксама справавыя газэты «Les Échos» з Францыі і «De Tijd» з Бэльгіі.

Але пакуль адныя ладзілі тэсты ды рабілі абвесткі, амэрыканскі Esquire ціхай сапай ціснуў 100-тысячны наклад. Да свайго 75-годзьдзя, упершыню ў гісторыі друку — з электроннай вокладкай. Сьпераду на ёй мігціць надпіс «The 21st Century Begins Now» («XXI стагодзьдзе пачынаецца цяпер»). Ззаду ж пераліваецца электроннымі чарніламі рэкляма новага Ford’а — таксама першая ў сваім родзе.

Хоць калекцыйны нумар з электроннай вокладкай прадаецца ўсяго на даляр даражэй за цалкам папяровы варыянт, рэдакцыя ўклала ў распрацоўку эксклюзіўнага электрааркуша шасьцізначную суму. Няцяжка прадказаць, што кастрычніцкі Esquire хутка станецца бібліяфільскай рэдкасьцю. Але ж самай хуткаплыннай бібліяфільскай рэдкасьцю. Танюткія батарэйкі, нягледзячы на ўсю энэргаэфэктыўнасьць, ня змогуць варочаць мікрачасьціцы ў мікракапсулах больш за тры месяцы. І ўжо перад новым годам калекцыянэрам застанецца адно цешыцца ўспамінамі, паглядаючы на чорны прастакутнік усярэдзіне старонкі.

Зрэшты, рэдактар Esquier’а Дэвід Грэнджэр лічыць, што іхні прыклад будзе заразьлівым: «Праз два гады, я спадзяюся, мы ўбачым такі самы эфэкт, які зрабіла на цывілізацыю зьяўленьне сотавых тэлефонаў у 1982 годзе».

Налета аб’яўлены запуск першага пэрыядычнага электрапапяровага выданьня. Здавалася б, гэта сьведчыць на карысьць аптымізму Грэнджэра. Але да таго, як зраўнацца ў папулярнасьці з звычайнымі газэтамі, электронным аркушам трэба пазбыцца хаця б крытычных недахопаў: вялікага кошту, інэрцыйнасьці выявы (з-за чаго ў іх немагчыма глядзець відэа), утрая карацейшага за звычайныя маніторы рэсурсу працы, і, вядома, чорна-беласьці.

На гэтай высокай ноце ня лішне будзе прыгадаць, што магчымасьць больш-менш масавага і больш-менш якаснага каляровага друку газэт у нашай краіне зьявілася толькі на пачатку гэтага стагодзьдзя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?