Падапечныя Фабіё Капэла жорстка адпомсьцілі харватам за сваю паразу на Уэмблі. Абедзьве зборныя — нашыя супернікі па адборачнай групе.

І гэта пры тым, што зборная Харватыі — яе ўзначальвае Славен Біліч — на родным стадыёне «Максімір» не прайгравала 30 матчаў запар!

Але выйграць для Англіі было справай гонару. У мінулым лістападзе «палымяныя» не пусьцілі каманду з Туманнага Альбіёну на Эўра-2008, выйграўшы на Ўэмблі. У харватаў тады, здавалася, няма ніякай матывацыі.

Але для Англіі прайграць на Ўэмблі — прыкладна тое ж самае, як для зборнай прэзыдэнта саступіць каму-небудзь на «Дажынках».

Падапечныя Фабіё Капэла ўчора адпомсьцілі, дык яшчэ як — 1:4. Хет-трык на рахунку былога калегі Аляксандра Глеба па лёнданскім «Арсэнале» 19-гадовага Тэо Ўолката. Яшчэ адзін цьвік у труну харватаў забіў Уэйн Руні.

Цікава, што ў сераду ў нашай адборачнай групе перамагалі выключна госьці. Так беларусы выйгралі ў Андоры зь лікам 3:1, з такім жа лікам Украіна ў Алматы перайграла Казахстан.

Турнірнае становішча: Англія, Украіна — па 6 пунктаў, Харватыя, Беларусь, Казахстан — па 3, Андора - 0.

Казахстан і Андора правялі па тры гульні.

Наступны тур у нашай групе пройдзе 11 кастрычніка. Беларусы яго прапускаюць. У гэты дзень Украіна сустрэнецца з Харватыяй, а Англія — з Казахстанам.

15 кастрычніка беларусы прымаюць на стадыёне «Дынама» зборную Англіі, а харваты дома гуляюць з Андорай.

А потым зімовыя вакацыі. З харватамі беларусы згуляюць дома 19 жніўня, 5 верасьня — у гасьцях.

* * *

Што да вынікаў у іншых групах. Найперш наш цікавяць суседзі.

Расея выйграла ў каманды Уэльса -- 2:1. У гэтай жа групе Фінляндыя дома ўпёрлася рогам і згуляла баявую нічыю зь Нямеччынай -- 3:3. У той жа групе Азейбаджан і Ліхтэнштэйн згулялі 0:0.

11 кастрычніка гэтую групу чакае супэрматч: Нямеччына—Расея.

* * *

Літва ў Марыямпалі перамагла Аўстрыю — 2:0, і выйшла ў лідэры сваёй групы (у першым матчы літоўцы ў гасьцях разьбілі Румынію — 0:3).

15 кастрычніка нашых паўночна-заходніх суседзяў чакае сур'ёзны іспыт у гасьцях у выглядзе зборнай Сэрбіі. Сэрбы, у сваю чаргу, учора саступілі ў гасьцях Францыі — 1:2.

Зборная Латвіі ўчора прайграла дома Грэцыі — 0:2, а зборную Эстонія зьбілі на горкі яблык басьнійцы — 0:7.

Польшча ў гасьцях перайграла Сан-Марына - 0:2. 11 кастрычніка палякі дома гуляюць з чэхамі.

Што тычыць іншых групаў, то хацелася б адзначыць валявую перамогу Даніі ў Лісабоне. Чырвона-белыя двойчы саступалі ў матчы, але выйгралі 3:2.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?