Прыкладна з пачатку верасня на другасным рынку сталiчнага жылля назiраецца тэндэнцыя стабiлiзацыi цэнаў на кватэры, а па асобных сегментах жыллёвай нерухомасцi — iх невялiкае падаражэнне. Як вядома, на працягу апошнiх васьмi месяцаў кватэры ў Мiнску толькi таннелi, а тут… Аб якой сiтуацыi ў сферы кватэрнай нерухомасцi ў сталiцы iдзе гаворка? Сваiмi меркаваннямi на гэты конт падзялiўся старшыня Савета Беларускай асацыяцыi «Нерухомасць» Мiкалай Прасталупаў.

Істотнага падаражэння жылля не будзе

Менавiта на тры восеньскiя месяцы Саўмiнам краiны быў уведзены павышальны каэфiцыент 1,44 да тарыфных ставак падрадных будаўнiчых арганiзацый, занятых на аб’ектах жыллёвага будаўнiцтва.

Спецыялiсты Мiнбудархiтэктуры паведамiлi рэдакцыi, што новы механiзм аплаты працы будаўнiкам можа выклiкаць падаражэнне будаўнiцтва жылля ў Беларусi прыкладна на 10—12 працэнтаў. Разам з тым асобныя незалежныя эксперты ўпэўнены, што ў сувязi з новымi тарыфамi на грузаперавозкi i павелiчэннем цэнаў на будматэрыялы, падаражэнне сабекошту будаўнiцтва жылля можа дасягнуць 15—18 працэнтаў. Няўжо ўдзельнiкi другаснага рынку сталiчнай жыллёвай нерухомасцi iмгненна адрэагавалi на гэтую навiну?

На думку Мiкалая Прасталупава, памер заробкаў радавых будаўнiкоў увогуле нiяк не адгукнецца на цэнавых тэндэнцыях на другасным рынку кватэр у Мiнску. Паводле слоў суразмоўцы, сабекошт квадратнага метра жылля ў МАПIДа сёння складае каля 600 долараў, у камерцыйных забудоўшчыкаў — 1000—1200 долараў. Магчыма, новаўвядзенне па заробках павялiчыць сацыяльны сабекошт жыллёвага «квадрата» да 700 долараў, а камерцыйнага метра — да 1400 долараў. Новая працэнтоўка па сабекошце «маладых» кватэр на другасны рынак у блiжэйшы час увогуле не паўплывае, лiчыць Мiкалай Прасталупаў. Справа ў тым, што камерцыйныя арганiзацыi ўжо на працягу 4—6 месяцаў беспаспяхова спрабуюць прадаць кватэры ў новых дамах па кошце 1800—2000 долараў за квадратны метр. Сёння ў новых мiкрараёнах Мiнска стаiць ужо 5 такiх паўпустых дамоў, на кватэры якiх попыт увогуле амаль адсутнiчае. Спадар Прасталупаў упэўнены, што ў радавых жыхароў Мiнска проста няма сёння такiх вялiкiх грошай i адпаведных заробкаў для набыцця стандартнага, але даволi дарагога новага жылля.

Невялiкае падаражэнне выклiкана сезоннай актывiзацыяй пакупнiкоў

Згодна з таблiцай статыстыкi iнфармацыйнага каталога рэспублiканскага выдання «Нерухомасць Беларусi», сярэднi кошт квадратнага метра агульнай плошчы аднапакаёвых кватэр Мiнска складае цяпер 1976 долараў. Атрымлiваецца, што сярэднi кошт «аднапакаёвак» за апошнiя два тыднi падаражэў прыкладна на 15 долараў. Тут трэба адзначыць, што ў статыстыцы ўлiчваюцца i даволi дарагiя кватэры ў элiтных дамах, а таксама ў цэнтры сталiцы, дзе жыллё амаль увогуле не таннела за ўвесь мiнулы год. Мiкалай Прасталупаў упэўнены, што квадратны метр жылля ў стандартных дамах спальных раёнаў каштуе сёння ў межах 1820—1870 долараў. Менавiта гэты рэальны цэннiк на жыллёвы «квадрат» у Мiнску пачынае крыху павялiчвацца. Чаму?

Паводле iнфармацыi экспертаў жыллёвай нерухомасцi, на другасным рынку сталiцы па сегменце прапановы прысутнiчае каля 8,5 тысячы кватэр. За месяц у Мiнску прадаецца прыкладна 500 кватэр, але амаль такая ж колькасць жылых памяшканняў зноў трапляе на рынак. Колькасць рэальных здзелак па набыццi жылля застаецца амаль нязменнай. Цяпер назiраецца актывiзацыя патэнцыяльных пакупнiкоў па праглядзе кватэр. Восенню кватэрамi сталi больш цiкавiцца менавiта тыя клiенты, якiм жыллё сапраўды патрэбна. Адна справа, калi нейкай кватэрай за лета не цiкавiўся ўвогуле нiхто, а тут за два тыднi памяшканне прагледзелi ажно два цi тры клiенты. Вядома, што тады прадаўцы пачынаюць карэкцiраваць першапачатковы кошт у бок павелiчэння.

Цяпер прыкметай часу стала тое, што за апошнiя 3—4 месяцы з базы даных прапаноў небагатымi пакупнiкамi былi «вымытыя» маленькiя па плошчы танныя адна‑ i двухпакаёвыя кватэры. Так, калi яшчэ ў лiпенi магчыма было адшукаць слабенькую кватэру за 53—54 тысячы долараў, то цяпер мiнiмальны цэннiк на такiх кватэрах пачынаецца з 57—59 тысяч долараў.

З другога боку, малапакаёвыя кватэры з вялiкай агульнай плошчай у новых далёкiх мiкрараёнах, дзе адсутнiчае патрэбная iнфраструктура, увогуле застаюцца «вiсець» нават пры кошце каля 1700—1750 долараў за квадратны метр.

Да сярэдзiны снежня кватэры будуць даражэць

Мiкалай Прасталупаў лiчыць, што кватэры ў Мiнску будуць нязначна даражэць на працягу блiжэйшых трох з паловай месяцаў. Павелiчэнне цэнаў будзе невялiкiм, прыкладна ў памеры iснуючай у краiне iнфляцыi. Спецыялiст упэўнены, што кватэры да новага года падаражэюць не больш чым на 7—10 працэнтаў. Наш суразмоўца разлiчвае, што прыкладна з гэтага часу ў краiне павiнен актыўна запрацаваць механiзм долевага будаўнiцтва. Эксперты падлiчылi, што дадзены алгарытм узвядзення жылля будзе каштаваць для масавага забудоўшчыка ў межах 1500—1600 долараў за квадратны метр. Калi гэта адбудзецца, то i на другасным рынку сталiцы кватэры пачнуць хутка таннець.

Сяргей Куркач, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0