Сярод пераможцаў Аксана Забужко, Юрый Андруховіч, Любко Дэрэш, Юры Пакальчук (пасьмяротна).

Часопіс «Корреспондент» зладзіў чарговы штогадовы конкурс «Найлепшая ўкраінская кніга». У ім бяруць удзел літаратурныя творы, выдадзеныя ва Ўкраіне і напісаныя ўкраінскімі аўтарамі. Сёлета ў праекце прымалі ўдзел кнігі, што ўпершыню выдалі ў 2007 годзе. Па правілах конкурсу пераможцы вызначаюцца ў два этапы ў дзьвюх намінацыях — «Бэлетрыстыка» (раманы, аповесьці, зборнікі апавяданьняў) і «Дакумэнталістыка» (мэмуары, біяграфіі, публіцыстыка).

Найлепшымі бэлетрыстамі «Корреспондент» назваў Юр'я Пакальчука («Кама Сутра»), Соф’ю Андруховіч («Сёмга»), яе тату Юр'я Андруховіча, Любаміра Дэрэша, Сяргея Жадана («Трохцыліндровы рухавік любові»), Ладу Лузіну («Кіеўскія вядзьмаркі. Стрэл у опэры»).

Паэт і перакладчык Юры Покальчук прэмію атрымаў пасьмяротна — ён памёр у ноч з 9 на 10 верасьня.

У намінацыі «Дакумэнталістыка» перамаглі Аксана Забужко («Notre Dame D’Ukraine: Украінка ў канфлікце міталёгіяў») - кніга пра клясыка ўкраінскай літаратуры Лесю Ўкраінку, Юрый Андруховіч («Таямніца»), Андрэй Какацюха («Юры Луцэнка — палявы камандзір»).

Аксана Забужко перамагала ўжо ў конкурсе ў год ягонага заснаваньня ў 2006 годзе. Раней найлепшымі прызнаваліся таксама Юры Андруховіч і Любамір Дэрэш. Памер прэміі ў гэтым годзе складае каля $2000 за 1‑е месца, каля $700 за 2‑е, каля $300 за 3‑е месца. Канцэрн «Хорціца», які далучыўся да ўзнагароджаньня лепшых украінскіх літаратараў, дадаў сёлета да прэміі «Корреспондента» па $1200, $800 і $500 за 1‑е, 2‑е і 3‑е месцы адпаведна.

СП; паводле Корреспондент.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0