Ужо сёньня не складае асаблівай цяжкасьці вызначыць кандыдатаў ад улады і меркаваных пераможцаў на большасьці выбарчых участкаў. Аднак маюцца і акругі, дзе выпрабоўваюцца новыя тэхналёгіі выбарчае маніпуляцыі.

Экспэрымэнтальныя акругі

У сьпісах кандыдатаў значыцца 35 прозьвішчаў сёньняшніх дэпутатаў палаты. Сярод іх Алег Вялічка, Уладзімер Здановіч, Уладзімер Адашкевіч, Міхаіл Русы, Міхаіл Арда, Тацяна Голубева, Віктар Гумінскі, Галіна Юргілевіч. Аднак гэта нашмат менш, чым пераабіралася мінулы раз, дыё далёка ня ўсе 35 сёньня могуць быць упэўненымі, што патрапяць у парлямэнт новага скліканьня.

Вось паспрабуй вызначыць, хто ідзе па лукашэнкаўскім сьпісе ў Віцебскай-Чкалаўскай акрузе – дэпутат Аляксандар Гудкоў ці галоўны доктар Віцебскай клінічнай бальніцы Віктар Аўчыньнікаў?

Абсалютна аналягічная сытуацыя ў Вялейска-Мядзельскай акрузе, дзе за мандат будуць змагацца дэпутат Віктар Анікеенка і галоўны доктар мясцовай раёнкі Ігар Сьпільнічэнка.

Тое ж у Горках: з дэпутаткай Тацянай Асмалоўскай канкуруе галоўны лекар Мсьціслаўскай райбальніцы Алена Караед, але ў гэтай акрузе яшчэ ёсьць вылучэнец АДС Андрэй Юркоў.

Цікавая сытуацыя назіраецца па Каліноўскай акрузе сталіцы, дзе вылучаецца Вольга Абрамава, супернікам жа ў яе галоўны вучоны сакратар Акадэміі навук Мікалай Казак.

У Іўі выбар будзе між дэпутатам Уладзімерам Баршчовым і намесьніцай старшыні Ашмянскага райвыканкаму Валянцінай Лузынай (кандыдата ад апазыцыі, былога палітвязьня Івана Крука не зарэгістравалі).

У Быхаве дэпутат Алег Сакадынец будзе змагацца з дырэктарам раённага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня Валянцінай Гарыловіч.

Ня выключана, што гэтыя дэпутаты, хоць і не патрапілі ў меркаваны сьпіс наступных абраньнікаў, але не пагадзіліся з сваёй доляй. Ёсьць і іншая вэрсія. Праверыць, за каго людзі лепш галасуюць: за дзейсных дэпутатаў ці прадстаўнікоў мясцовых уладаў. Варта адзначыць, што па такіх акругах амаль нідзе не рэгістравалі вылучэнцаў АДС. Напэўна, для чысьціні экспэрымэнту.

Віцебская група

Істотныя зьмены па выбарах чакаюцца ў віцебскім кіраўніцтве. Мяркуйце самі: у дэпутаты палаты балятуюцца старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка (Глыбокае), ягоны намесьнік Пётар Южык (Полацак), старшыня камітэту прыродных рэсурсаў аблвыканкаму Васіль Байкоў (Віцебская вясковая), старшыня Віцебскага гарсавету Генадзь Грыцкевіч (Віцебская-Горкаўская акруга). Апроч гэтага на Віцебшчыне балятуюцца некалькі старшыня райвыканкамаў – Чашніцкага, Пастаўскага.

Што да Андрэйчанкі, то гэта старажыл уладнай вэртыкалі. На сваёй пасадзе ён працуе ад лістападу 1994 году, ніхто зь ягоных калегаў так доўга у “губэрнатарскім” крэсьле не затрымліваўся. Цяпер жа Андрэйчанку хочуць перавесьці на ганаровае месца дэпутата палаты.

Дарэчы,

паводле чутак менавіта Андрэйчанка будзе віцэ-сьпікерам парлямэнту новага скліканьня.

Ну а старшынём палаты можа стаць яшчэ дэпутат ад Віцебскай вобласьці – Алякандар Папкоў. Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта балятуецца ў Сяньне-Лёзьне.

Да слова, Папкоў не адзіны прадстаўнік Адміністрацыі, які хоча стаць дэпутатам. Па Маладэчанскай вясковай акрузе на безальтэрнатыўнай аснове ідзе начальнік галоўнага ўпраўленьня кадравай палітыкі Адміністрацыі пэнсіянэр Уладзімер Сінякоў. Не адных іх выпраўляюць у парлямэнт на ганаровую пэнсію.

Па крычаўскай акрузе балятуецца начальнік аддзелу па ідэалягічнай працы Упраўленьня справамі прэзыдэнта Тамара Белкіна.

Чакаюцца зьмены ў кіраўніцтве і іншых абласьцей, апроч Меншчыны і Берасьцейшчыны. Напрыклад, на Гомельшчыне ў барацьбу за дэпутацкі мандат уступілі старшыня гарвыканкаму Аляксандар Бяляеў (Гомельская-Сяльмашаўская), старшыня райвыканкаму Ўладзімер Маёраў (Гомельская вясковая) і галоўны дарадца старшыні аблвыканкаму Георгій Дашкевіч (Хойнікі).

У палату паслалі і адыёзнага для інтэлігенцыі старшыню Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандра Антоненку (Гарадзенская-Занёманская).
Вылажыў каралеўскі горад плітачкай – у сталіцу яго. Таксама ідуць на выбары два намесьнікі Ўладзімера Саўчанкі па Гарадзенскім аблвыканкаме – Васіль Сьцяпура (Масты) і Марыя Бірукова (Шчучын). Прычым, абедзьве акругі засталіся ім безальтэрнатыўнымі пасьля нерэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў.

Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Глаз балятуецца ў Бабруйскай вясковай акрузе, а старшыня Магілёўскага райвыканкаму -- Аляксандар Розганаў па Магілёўскай вясковай.

Асабліва заслужаныя

Усё ідзе да таго, што новага кіраўніка па выбарах атрымае і Беларуская чыгунка. Сёньняшні яе начальнік Уладзімер Жарэла будзе спрабаваць прабіцца ў палату ў Воршы (вядомы чыгуначны вузел краіны).

Зьвяртае на сябе ўвагу вылучэньне ў Менску па Партызанскай акрузе дырэктаркі ПТВ №55 будаўнікоў Тамары Шчарбацэвіч. Менавіта гэтая жанчына ў 2003 годзе была прызначаная дырэктаркай Гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, калі яго хацелі зруйнаваць.
Неўзабаве Ліцэй спыніў сваё легальнае існаваньне. Пра Шчарбацэвіч жа не забылі. Відаць, каштоўны кадар.

Значную частку праўладных вылучэнцаў складаюць галоўныя дактары бальніц і шпіталёў, дырэктары школ і каледжаў, прадстаўнікі ЖКГ і БРСМ, старшыні судоў і ваенныя камісары, рэдактары “раёнак” і супрацоўнікі буйных прадпрыемстваў (апошнія найчасьцей у Менску).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?