Кніга складаецца з чатырох главаў. У першай дэталёва расказваецца пра гісторыю функцыянавання польскай памежнай аховы на мяжы з БССР у раёне Мінск-Заслаўе. Акрамя гісторыі памежных пунктаў і стражніц чытачы кнігі даведаюцца шмат цікавага пра тое, чым быў польскі Корпус аховы памежжа (КАП), хто ў ім служыў, як выглядаў звычайны дзень польскага памежніка на мяжы з «краінай Саветаў».

Вялікая ўвага нададзеная гісторыі барацьбы з кантрабандыстамі, а таксама працы польскай памежнай выведкі. У другой главе публікуюцца цікавыя і малавядомыя факты з гісторыі функцыянавання савецкай памежнай аховы, якая дваццаць год несла службу на «мяжы цывілізацый». І тут чытача чакае шмат новых матэрыялаў. Асаблівую цікавасць уяўляюць малавядомыя факты з гісторыі Мінскага ўмацаванага раёна Чырвонай Арміі, які ўзводзіўся ў пачатку 1930-х гадоў у непасрэднай блізкасці да лініі мяжы на выпадак вайны з Другой Рэччу Паспалітай.

Трэцяя глава прысвечаная далучэнню Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года і ўдзелу ў гэтым працэсе савецкіх памежнікаў. Як вядома, пасля ўз’яднання дзвюх частак Беларусі былая савецка-польская мяжа праіснавала да чэрвеня 1941 года ў якасці «Зоны загароды».

Нарэшце, чацвёртая глава кнігі прысвечаная падзеям чэрвеня 1941 года, а менавіта абароне, якую спрабавалі арганізаваць савецкія памежнікі, чырвонаармецы і байцы Мінскага ўмацаванага раёна на лініі даваеннай мяжы. На старонках кнігі чытачы ўбачаць шматлікія фотаздымкі, зробленыя нямецкімі жаўнерамі на месцах баёў ля ДАКаў пад Мінскам. Дарэчы, вялікая ўвага ў кнізе таксама нададзеная апісанню трагедыі горада на Свіслачы ў чэрвені 1941 года.

Прэзентацыя кнігі «Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.» адбудзецца 3 кастрычніка 2017 года ў 19-00 у Галерэі TUT.BY (г. Мінск, пр-т Дзяржынскага, 57). Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0