25 верасня 68-гадовы гарадзенец Сяргей Дзмітрыевіч знаходзіўся ў рэанімацыі анкалагічнага аддзялення абласной бальніцы. Пасля аперацыі ў яго спынілася сэрца, але дактары змаглі рэанімаваць дзядулю.

Далейшыя падзеі апісвае партал newgrodno.by са словаў сваякоў Сяргея Дзмітрыевіча.

Пазней, а палове на чацвёртую родным патэлефанавалі і паведамілі, што Сяргей Дзмітрыевіч сканаў. Сваякі прыехалі ў бальніцу, забралі рэчы дзядулі, пачалі рыхтавацца да пахавання.

На наступны дзень званок з бальніцы заспеў удаву ў рытуальным бюро. Ёй паведамілі, што Сяргей Дзмітрыевіч… жывы. Усёй сям’ёй сваякі паехалі ў бальніцу.

Дактары паведамілі, што хворы быў у прытомнасці і на пытанні адказваў, матаючы галавой. Аднак да пацыента нікога з блізкіх не пусцілі — ён знаходзіўся ў рэанімацыі, а туды ёсць доступ толькі ў персанала. Унучка разам з жонкай «ўваскрослага» вярнуліся дадому.

Але не паспелі родныя адсвяткаваць ўваскрашэнне іх дзядулі, як раніцай 27 верасня жонцы ізноў паступіў званок бальніцы. Тэлефанавалі з рэанімацыі: «Сяргей Дзмітрыевіч памёр. І ўжо дакладна памёр у 7:00 27 верасня 2017 года».

Сваякі задаюцца шэрагам пытанняў: дзе знаходзіўся «памерлы» з 15:30 хвілін 25 верасня да 9:08 хвілін 26 верасня? Калі ён знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленні, чаму ім паведамілі, што хворы «ажыў» толькі раніцай 26 верасня 2017 году? Пасля аперацыі, калі дзядулю прызналі памерлым, яго адключылі ад апаратаў?

На гэтыя пытанні ў бальніцы ніхто не мог адказаць. У бальніцы пайшлі размовы, што «картка была ў моргу, а морг працуе да 17:00, і ў іх не было ніякіх кантактных дадзеных сваякоў памерлага». Але такая здагадка не вяжацца з логікай: пры паступленні чалавека ў бальніцу ўся інфармацыя уносіцца ў базу дадзеных у камп'ютары, куды запісваюць у тым ліку і нумары тэлефонаў блізкіх.

У сувязі з гэтым, у сям'і нябожчыка ёсць версія, што жывы чалавек знаходзіўся ў моргу, і толькі пры ўскрыцці на наступную раніцу медработнікі выявілі, што ён жывы.

Сваякі Сяргея Дзмітрыевіча напісалі афіцыйны ліст галоўнаму доктару бальніцы. І ім удалося нават з ім крыху пагутарыць. Гэтую сітуацыю ён пракаментаваў сціпла, спаслаўшыся на тое, што быў у камандзіроўцы і цалкам сітуацыяй не валодае. Таму збярэ кансіліум, пасля якога дасць адказ на ўсе пытанні ў зваротным лісце. Таксама галоўны доктар прынёс асабістыя прабачэнні.

Галоўны доктар бальніцы Юры Пяцельскі паведаміў «Нашай Ніве», што даў каментар гродзенскаму парталу s13 і больш яму няма чаго дадаць. Прыводзім яго заяву цалкам.

«Пацыенту, які пакутуе на анкалагічнае захворванне з наяўнасцю множнай спадарожнай паталогіі, было выканана планавае аператыўнае ўмяшанне, падчас якога здарылася спыненне сардэчнай дзейнасці, што запатрабавала рэанімацыйных мерапрыемстваў. У пасляаперацыйным перыядзе ў аддзяленні рэанімацыі здарылася спыненне сардэчнай дзейнасці, праводзіліся працяглыя рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія былі малаэфектыўнымі. У ходзе рэанімацыйных мерапрыемстваў хірургам была даведзена сваякам недакладная інфармацыя пра смерць пацыента і не была ім своечасова аспрэчаная.

Пасля праведзеных рэанімацыйных мерапрыемстваў аднавілася сардэчная дзейнасць, пазней аднавілася свядомасць, што сведчыла аб эфектыўнасці рэанімацыйных мерапрыемстваў. Пацыент аж да канстатацыі смерці 27.09.17 знаходзіўся ў аддзяленні рэанімацыі, дзе яму праводзіліся інтэнсіўная тэрапія і паўторныя рэанімацыйныя мерапрыемствы. Пра гэта сведчаць запісы ў медыцынскай дакументацыі і праведзеныя шматлікія дыягнастычныя мерапрыемствы.

Адміністрацыя бальніцы прыносіць найглыбейшыя прабачэнні сваякам і блізкім за недакладнае інфармаванне хірургам аб факце смерці пацыента і нясвоечасовым аспрэчанні факту смерці. Адміністрацыя бальніцы прыносіць спачуванні з нагоды смерці блізкага чалавека.

У цяперашні час працягваецца службовае расследаванне, аб выніках якога і прынятых мерах сваякі будуць інфармаваныя пісьмова».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?