Зварот Лукашэнкі да парлямэнту быў нязвыкла кароткі й сухі. А.Лукашэнка паабяцаў эканамічную лібэралізацыю пра захаваньні аўтарытарнага кіраваньня.

Традыцыйны зварот Аляксандра Лукашэнкі да парлямэнту быў, проці мінулых гадоў, кароткім. Ён доўжыўся ўсяго 45 хвілінаў – удвая карацей, чым летась. Прамова была таксама нязвыкла вытрыманаю і сухою. Не прагучала ніводнай новай ідэі, а пра старыя гаварылася… як пра старыя.

Кіраўнік Беларусі прамаўляў хрыплавата і роз-пораз адкашліваўся.

Вывесьці ў лік высакаразьвітых

Найперш А.Лукашэнка ўдакладніў свой перадвыбарны лёзунг: ня толькі дзяржава для народу, а і чалавек – для сваёй айчыны. Чалавек абавязаны працаваць аддана. Пасьля чаго А.Лукашэнка слова ў слова паўтарыў словы А.Мілінкевіча з тэлевыступу, паставіўшы задачу «вывесьці нашу краіну ў лік высакаразьвітых эўрапейскіх дзяржаваў». Ён падкрэсьліў, што ў сакавіку беларусы «галасавалі за незалежнасьць» і пачаў сввой зварот не з эканамічнае часткі, як летась, а з пытаньняў разьвіцьця палітычнае сыстэмы і грамадзянскае супольнасьці.

«Разгойдваньне лодкі можа абярнуцца бядой для ўсіх». – папярэдзіў А.Лукашэнка ці то сваіх хаўрусьнікаў, ці то апазыцыю. Прынамсі, апошняе ў кантэксьце апошніх расейскіх пагрозаў было б лягічна. Дарэчы, ніякай адкрытай крытыкі апазыцыі на гэты раз не прагучала.

Партыя ні так, ні не

«Мне настойліва прапануюць стварэньне партыі ці руху», – прызнаўся А.Лукашэнка ў тым, што ягонае атачэньне просіць утварыць больш прадказальную сыстэму кіраваньня і пераемнасьці.

Кампартыя, «на жаль, ужо не існуе» і бязь яе цяжка, канстатаваў ён, маючы на ўвазе КПБ-КПСС. Але перадумоваў для стварэньня новай партыі ўлады ён ня бачыць. «Партыя павінна запачаткоўвацца зьнізу, а ня зьверху, – і камэра паказала, як размашыста ківае дэпутат Касьцян. – Адбываецца гэта ў пераломныя моманты. Лічу яе стварэньне немэтазгодным. Але калі нехта палічыць патрэбным ствараць, мы падтрымаем», – двухсэнсоўна скончыў А.Лукашэнка. Сам ягоны тон паказваў, што ініцыятывы зьнізу ён ухваляе.

Тут камэра спынілася на Віктару Аляксандравічу Лукашэнку ў крэмавым гарнітуры. У дзень прамовы ў сталіцы было нязвыкла душна, сыноптыкі абяцалі аж 27 градусаў.

Кітайская пагроза

Прыйшла чарга гаспадаркі. А.Лукашэнка абгаварыў «пытаньні якасьці» прадукцыі, безь якой ня можа быць прагрэсу. Ён пахваліў сваё кіраваньне, пры якім краіна разьвівалася хутчэй, чым СНД і ЭС. А будучыня, сказаў ён, – за інавацыямі.

Папулісцкая рыторыка захавалася. «Мы павінны сплаціць народу доўг» – казаў ён трохі стомлена, і выразныя мяшкі пад вачыма зьвярталі на сябе ўвагу аўдыторыі. У парадку сплачваньня доўгу А.Лукашэнка многа і нават шмат расказаў пра эканамічную лібэралізацыю, нібы на двары зноў 2002 год. Падатковую сыстэму спрасьціць! – казаў ён. Для прадпрымальніцкіх структураў стварыць больш спрыльныя ўмовы! Свабоду прадпрыемствам! – проста так і казаў ён. «Гэтую балбатню трэба скончыць з тэлевізарамі і іншымі халадзільнікамі, – строга загадаў ён. – «Віцязі» й «Гарызонты», з новага году да мяне па субсыдыі болей не прыходзьце!»

Беларуская прадукцыя больш якасная, чым кітайская, запэўніваў ён, таму ня трэба валіць на кітайскую канкурэнцыю.

Як вынікала, сродкі для вяртаньня доўгу будуць акумуляваныя шляхам зьмяншэньня датацый прадпрыемствам-гігантам і пераходу на больш адрасныя субвэнцыі.

Карацей, палітычны аўтарытарызм зьбіраецца насаджаць эканамічны лібэралізм, якога так баяцца тыя, каму трэба «сплочваць доўг». Каб жа з гэтага чаго ня выйшла.

Складаная сытуацыя ў сьвеце

Палітычны і эканамічны блёкі былі руціннымі, але замежнапалітычны па нуднасьці быў проста нечуваны. За апошнія 12 гадоў беларусы ад такога адвыклі і таму адчулі лёгкую занепакоенасьць.

«Сытуацыя ў сьвеце складаная, – пачулі мы знаёмае зь дзяцінства. – Зьявіліся новыя цэнтры сілы, на ногі ўстае Расея. Сьвет абвастрае свае супярэчнасьці». Па меры разьвіцьця імпэрыялізму, дадаў бы Суслаў. «Калі будзе працягвацца рост цэнаў на сыравіну, можа абваліцца сусьветная эканоміка і фінансавая сыстэма», – засьцярог дэпутатаў ад трыманьня грошай на замежных рахунках беларускі лідэр.

«Ціск Захаду і пагаршэньне эканамічнай каньюнктуры» – так схарактарызаваў А.Лукашэнка ўмовы, у якіх працуе беларуская дыпляматыя.

«Інтэграцыя ў сусьветную эканоміку ёсьць сёньня прыярытэтам Беларусі», – сказаў ён. А як жа інтэграцыя зь вялікім братнім народам?

Курс на яднаньне з Расеяй застаецца нязьменным, запэўніў А.Лукашэнка. Без аніякіх дэталяў. І ўсё ўсім стала ясна.

Як толькі А.Лукашэнка скончыў сваю прамову, тэлевізары і іншыя халадзільнікі ўмомант спынілі трансьляцыю, не дачакаўшы нават канца аплядысмэнтаў. Чаму такая сьпешка? – падумалася.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0