Беларусь, канечне, радзіма «пацёмкінскіх вёсак», але разам з тым тут робяцца рэчы, пра якія Караткевіч і марыць ня мог.

Адноўленая вежа езуіцкага калегіюму, што была зруйнаваная яшчэ ў 40-я гады ХІХ стагодзьдзя.

Адноўленая вежа езуіцкага калегіюму, што была зруйнаваная яшчэ ў 40-я гады ХІХ стагодзьдзя.

Адноўленая Мікольская царква. што была зруйнаваная ў 60-я гады ХХ ст.

Адноўленая Мікольская царква. што была зруйнаваная ў 60-я гады ХХ ст.

Былая вытанчанасьць. Рэшты Смалянскага замку пад Воршаю.

Былая вытанчанасьць. Рэшты Смалянскага замку пад Воршаю.

Сучасныя тэхналёгіі.

Сучасныя тэхналёгіі.

Калегіюм ад царскіх часоў выкарыстоўваўся як турма. Брук паклалі на костках, кажуць аршанцы.

Калегіюм ад царскіх часоў выкарыстоўваўся як турма. Брук паклалі на костках, кажуць аршанцы.

Рэкі, убраныя ў бэтон.

Рэкі, убраныя ў бэтон.

Старадаўняя традыцыя

Беларусь і па вобразе сваім усё далей і далей адыходзіць ад суседзяў. Нашая краіна ўжо моцна адрозьніваецца і ад Расеі, і ад Польшчы. Толькі ў нас па‑ранейшаму дзяржава цэнтралізавана фарбуе вялікія валуны, платы й стрэхі сьвінарнікаў уздоўж дарог. «Залатыя» ды «срэбныя» леніны, аднолькавыя блакітныя платы ды бэзавыя стрэхі хлявоў. У кожным мястэчку — бэтонны брук, шклопакеты, мэталадахоўка. Што Глуск, што Менск. Паўсюль парадак.

Традыцыя паказухі ў нас куды старэйшая за часы СССР. Гэтак званыя «пацёмкінскія вёскі» паўсталі акурат у нас. Фаварыты імпэратрыцы — пацёмкіны, галіцыны, чарнышовы, румянцавы з зорычамі й стварылі ў нас традыцыю ўрачыстых дэкарацыяў пад прыезд сваёй дабрадзейкі. Кацярына ІІ у 1780 і ў 1787 г. наведвала Беларусь. І ёй тут вельмі падабалася. А як яна ад’яжджала, яе часовыя палацы, брамы, платы, уся тая ілюзія дабрабыту, развальвалася бяз знаку… Бо ня вольнымі людзьмі была зробленая.

Пазьней усе да аднаго расейскія імпэратары бывалі ў Беларусі. І па ходзе іхных картэжаў таксама ўсё драілася й фарбавалася.

Беларусі выпала й доля вітрыны СССР. Ужо на станцыі Негарэлае заходнікаў сустракалі жывапісныя пано «Індустрыялізацыя»і «Калектывізацыя» ў будынку мытні, што болей нагадвала палац між рэек. Але й ад таго, савецкага бляску, амаль нічога не засталося… Гэтак і цяперашнія афіцыёзныя «Дажынкі» ня сьвята вольных хлебаробаў, а падвядзеньне вынікаў міжкалгаснага спаборніцтва.

Самае дарагое сьвята

Традыцыю дажынкаўскіх «сталіцаў» працягнула й Ворша. Але тутэйшае кіраўніцтва, кіраванае ці то чуткамі, што сёлетнія «Дажынкі» апошнія, ці то жаданьнем вырашыць разам усе свае праблемы, ахоплівае неахопнае… Па ўсім горадзе ўзяліся перакладаць вадаправод, асфальт, газ, кабелі, ходнікі, клюмбы… Увадначасьсе будуюцца й рамантуюцца ажно 692 аб’екты!

То электрычнасьць адключаюць, то ваду. У выніку няма дзе ні заначаваць, ні паесьці. У адзінай дзейнай кавярні ў цэнтры гораду няма… вады. Можна толькі выпіць гарэлкі. Закускі ня будзе. Зеўраюць пустымі вокнамі будынкі. Смуткуюць пні ад старых дрэваў.

На пачатку верасьня можна падумаць, што заўтра — Новы год. Мітусьлівыя людзі ў гальштуках надсадна паганяюць.Тысячы пахмельных будаўнікоў сувора наводзяць прыгажосьць у горадзе над Дняпром. Балазе, увесь Дняпро ім не агораць, а вось жа Аршыцу— атрымліваецца. Яе ўвабралі ў бэтонныя пліты, зрабілі штучны бэтонны парог пад Замчышчам… Абапал бягуць бэтонныя ж сьцежкі, па якіх можна ўзьбегчы на бэтонныя ж пляцоўкі старога замкавага кургану, каб пабачыць бэтонную браму. Гледзячы на ўвесь гэты размах, на электрычны рытм жалезных нэрваў сотняў рабочых машынаў, верыш адназначна таму, што выдаткі на гэтыя «Дажынкі» самыя вялікія ў гісторыі сьвяткаваньняў.

Аршанцы кажуць

Кажуць, гэта будзе 330 мільярдаў зь бюджэтных грошай. Кажуць таксама, што працы мусілі быць скончаныя да 1 жніўня, але блізу траціны заплянаванага яшчэ не зрабілі. Аршанцы ўжо прысталі — маўляў, летам не было як жыць і канца не відаць гразі, тлуму, пылу. А ўжо ж пра п’янства й хуліганства рабочых, што панаехалі з усяе краіны, тут нагавораць бочку арыштантаў… Але будаўнікі мала чым рызыкуюць, бо бязь іх тут усё адно не абыдуцца. Нямала сярод іх і каўказцаў ды азіятаў. Калі ж пыл асядзе й усе разьедуцца, знайсьці вінаватых у якіх недаробках будзе нерэальна.

А праблемы зь якасьцю пэўна ж будуць. Бо часам працы ідуць адначасна з праектаваньнем. Велізарны калегіюм езуітаў на два гады пакінулі бяз дахаў і вокнаў. А адбудоўваць пачалі сёлета ў красавіку, калі там яшчэ ляжаў сьнег. Тое самае было і ў некалькіх школах, дзе дахі й шыбы рабілі з сакавіка. Кажуць таксама, што ў навюткім аўтавакзале пасьля першага ж дажджу пацёк дах.

Але, гледзячы з Замчышча над Дняпром на старажытную Воршу, разумею, што разам з вартымі ўвагі помнікамі, з духам старых дамоў і дрэваў, адсюль выпетрываюць і савецкасьць, разам зь яе зданямі…

Страты былі

Парэзалі шмат старых дрэваў. Месцамі стала зусім як у стэпе.

А тое, што ў езуіцкім кляштары не пасьпявалі прывесьці ў належны стан, — зносілі. Зьнесьлі дашчэнту рэшты старасьвецкіх будынкаў і мур з цудам ацалелымі фрэскамі. А тыя ўнікальныя фрэскі, што выявілі падчас рэстаўрацыі кляштару трынітараў… закаталі фарбаю. Разам зьнесьлі некалькі тузінаў старых дамоў. Непазнавальна зьмяніліся вуліцы старажытнага цэнтру — амаль цалкам зьнесеныя дамы па вуліцы Савецкай і Дзяржынскага, пацярпела гістарычная забудова Менскай і Замкавай. Пад пагрозаю цяпер апынуўся стражытны будынак кляштару францішканаў на вуліцы Дамініканскай. Будынак таксама даведзены бязьлітаснай эксплюатацыяй да лядашчага стану. Людзям там не жыцьцё, але залаты додждж «Дажынак» над імі не праліў ані кроплі. Каталіцкая грамада прасіла, каб перадалі гэты ўнікальны для Воршы будынак ім, але…

А вось праваслаўнае ведамства як ні хітравала, выкалаціць грошай на аднаўленьне былога базылянскага кляштару ня здолела. Ужо пяць гадоў як гэты цудоўны манумэнтальны помнік барока на балянсе царкоўнікаў. Адзінае, што яны пасьпелі тут зрабіць, у традыцыях беларускае «рэстаўрацыі», — павыбіваць вокны й дзьверы й сарваць дах. Але да «Дажынак» абгарадзілі ўсё бэтонным плотам і паставілі ў мурах… біятуалет. Кажуць, усё разам зацягнуць камуфляжнай сеткаю, каб старадаўнія муры выгляд не псавалі.

Наогул да царкоўнікаў у Воршы стаўленьне супярэчлівае. Тут дзейнічае сем прыходаў, два манастыры, але ў храмах людзей небагата. Кажуць, у аршанскіх цэрквах кошты камэрцыйныя, за сьвечкі ці за абрады трэ плаціць болей, чым у Менску. Зрэшты, і каталікам тут ня лёгка. Рэстаўрацыю вялізарнага касьцёлу й кляштару вядуць ужо з тузін гадоў, а канца не відаць. У дзьвюх каталіцкіх парафіях Воршы, разам з уніятамі, набіраецца на нядзельныя службы толькі каля трох сотняў чалавек. Але тутэйшыя пробашчы ня падаюць духам і адно іранічна ўсьміхаюцца, гледзячы на будаўнічы вір вакол іхнага храму. Седзячы на лаве ў засені вялізарных дрэваў ля става з лотасамі ў касьцельным двары, думаецца ўжо пра далейшае, пра тое, як тут непазнавальна ўсё зьмянілася пасьля савецкага ўбоства.

Гулівэр і леніны

У Воршы стаіць ажно дзесяць помнікаў Леніну. Два зь іх на вуліцы Леніна. Але, можна лічыць, што і Караткевічу два помнікі. Адзін барэльеф пісьменьніка, амаль у поўны рост, упрыгожвае дом, у якім ён жыў. А вось дыхтоўны манумэнт, вялікі бюст з алегарычнымі фігурамі Караткевічавых пэрсанажаў, што яшчэ летась стаяў на месцы дому, у якім ён нарадзіўся, перанесьлі. Цяпер помнік Уладзімеру Сямёнавічу стаіць пасярод дзіцячага парку ў атачэньні атракцыёнаў. А вакол водзяць карагоды вясёлыя чалавечкі, на чале зь Нязнайкам, кракадзілы з гармонікамі ды іншыя пэрсанажы савецкіх казак. Нібы гэта Караткевіч усіх іх прыдумаў… А на месцы дому, дзе пісьменьнік нарадзіўся, — паставілі грамадзкую прыбіральню.

«Вясёлых чалавечкаў» таксама ставілі да «Дажынак». Але многія зь іх не дажылі. У сераду казачныя пэрсанажы яшчэ ляжалі ў цэляфане, у чацьвер — стаялі ўжо на газонах, а ў пятніцу груда пабітых кракадзілаў Генаў зь неапазнанымі часткамі іншых герояў, ляжалі ўжо кучаю друзу.

А вось Гулівэр пакуль стаіць, за сьпіною ў Леніна. Легендарны пэрсанаж Сьвіфта трымае на далоні пэрсанажа невядомага аўтарства, якога можна прыняць і за змучанага будаўніка… Сярод няўтульнага парку, што болей нагадвае кірмаш, усё гэта разам выглядае фантасмагарычна.

Плянуюць у Воршы таксама паставіць помнік чыгуначніку, бо тут вялікі вузел чыгуначных шляхоў. Забаўна будзе выглядаць такое суседзтва з помнікам Заслонаву.

А як бы спыталі мяне — то варта было б паставіць помнік харунжаму аршанскаму Самуэлю Кміцічу, ці ня самаму вядомаму ў сьвеце аршанцу, які стаў правобразам Андрэя Кміціца ў Сянкевічавым «Патопе».

Мроі наяве

Хоць многія мары ў Воршы збываюцца. Сёньня тут няблага адрэстаўравалі кляштар трынітарыяў, капітальна адрамантаваны кляштар бэрнардынцаў, разбудоўваюцца старжытныя правслаўныя манастыры. Высачэзны шчыпец франтону адноўленага калегіюму езуітаў цяпер аздабляюць выявы Канстанціна Астрос¬кага й Лява Сапегі. Два гетманы сузіраюць далягляд зь недасяжнае вышыні. Над калегіюмам цяпер ізноў паўстала вялізарная барочная вежа з гадзіньнікам, што была разбураная расейскімі ўладамі яшчэ ў 1840‑я… Комплекс колішняга езуіцкага кляштару выглядае сёньня ўрачыста. Ці мог пра гэта марыць Уладзімер Караткевіч? Яшчэ дзесяць гадоў таму тут, у самым цэнтры гораду, была «шасьцёрачка» — калёнія строгага рэжыму, сьперазаная калючым дротам.

Пэўна ж, за савецкім часам не выпадала марыць, што ў Воршы будуць зь нічога адноўленыя Траецкая царква Куцеінскага манастыру й царква Раства Багародзіцы, што будуць вернутыя вернікам многія сьвятыні, і зноў у іх загучыць слова Божае, паўстануць новыя храмы…

Тыя, хто вывучаў фэномэн Навагарадку ў паэзіі Адама Міцкевіча, зьвяртаў увагу на тое, якімі эпітэтамі найвышэйшае ступені параўнаньня апісваў ён родны горад. І многія перажылі шчырае расчараваньне пасьля знаёмства з рэальным савецкім Навагарадкам, мястэчкам ва ўсіх сэнсах. Але сакрэт у тым, што за часоў Міцкевічвага шкалярства ягоны родны горад толькі адбудаваўся пасьля вялізарнага пажару 1810 г. І таму ягонае дзяцінства прайшло сярод сьвежапабеленых сьценаў, крытых духмянай гонтаю, дзьвярэй і вокнаў, што яшчэ пахлі смалою, сярод маладых, як і юны паэт, садоў. Хто ведае, мо ў Воршы, сярод гэтага віру абнаўленьня, будаваньня й адбудовы, ужо ходзяць будучыя паэты?

Праз год у Воршы асядзе пыл, сьціхне тлум, аблупіцца, дзе трэба, тынк і аблезе фарба. Лішняе адпадзе само. Пакрысе зноў раскінуць шырока свае шаты дрэвы й задзірванеюць берагі Аршыцы. Але вобраз адноўленага гораду, пасьля доўгіх і шэрых гадоў савецкага панаваньня, застанецца. І ўжо вольныя людзі будуць яго берагчы й ганарыцца ім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?