Маскоўскі (горада Мінска) раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара ТАА «Дром-Тур», паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта.

Паводле даных следства, жыхарка Мінска 1961 года нараджэння са снежня 2016 года па ліпень 2017-га пад падставай аказання турыстычных паслуг завалодала грашовымі сродкамі 24 грамадзян на агульную суму не менш за 98 тысяч рублёў. Пры гэтым выконваць абавязацельствы яна не збіралася.

Першыя заявы аб супрацьпраўных дзеяннях падазраванай сталі паступаць у праваахоўныя органы яшчэ ў ліпені, пры гэтым дырэктар пераконвала кліентаў у хуткім вяртанні грошай і стварыла бачнасць прыняцця мер па кампенсацыі шкоды. Праз некаторы час у міліцыю звярнуўся яшчэ шэраг грамадзян, адпачынак якіх быў запланаваны на жнівень. Большасці кліентаў грошы ў поўным аб'ёме так і не былі вернутыя.

Гэты факт стаў адной з падстаў для распачацця крымінальнай справы. Нягледзячы на тое, што дырэктар турфірмы знаходзілася ў неспрыяльным фінансавым становішчы і першапачаткова не магла выканаць узятых на сябе абавязацельстваў, яна працягнула сваю дзейнасць, у тым ліку разлічваючы расплаціцца па даўгах з грошай, якія ўносяцца новымі кліентамі.

Пры ўсебаковым вывучэнні дзейнасці турфірмы следствам канфіскаваная дакументацыя, правяраецца інфармацыя аб іншых запазычаннях грашовых сродкаў у грамадзян.

Дзеянні падазраванай кваліфікаваныя паводле ч. 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Да яе прымененая мера працэсуальнага прымусу ў выглядзе абавязацельства аб яўцы.

Расследаванне працягваецца. Следства просіць грамадзян, якія валодаюць інфармацыяй аб супрацьпраўнай дзейнасці падазраванай, паведаміць аб гэтым па тэлефонах 8 (017) 207-99-85, 270-86-86, 389-55-55.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0