Барысаўскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па факце смерці вайскоўца, які праходзіў тэрміновую службу з мая ў вайсковым гарадку Печы ў Барысаве.
— У вайсковым гарадку Печы ў Барысаве знойдзены павешаным салдат тэрміновай службы, — напісаў у Tut.by чытач.
Інфармацыю пра смерць салдата пацвердзілі ў Міністэрстве абароны.
— Мы сапраўды можам пацвердзіць, што такі факт меў месца. Кампетэнтныя органы праводзяць праверку. Па этычных меркаваннях у такіх выпадках мы не даем больш інфармацыі, — кажа Уладзімір Макараў, начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны.
Уладзімір Макараў не стаў удакладняць узрост салдата, толькі адзначыўшы «гэта было некалькі дзён таму».
— Барысаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка па факце смерці вайскоўца, які праходзіў тэрміновую службу з мая. Яго цела было знойдзена 3 кастрычніка ў падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі, размешчанай у Барысаўскім раёне. У ходзе правядзення агляду месца здарэння прыкмет крымінальнага характару следствам не выяўлена. Дадзеныя, атрыманыя ў выніку першапачатковых мерапрыемстваў, дазваляюць разглядаць у якасці асноўнай версіі суіцыд. Для вызначэння прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза, - каментуе Таццяна Беланог, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці.
У СК адзначылі, што з мэтай ўстанаўлення прычын і абставін здарэння апытваюцца службовыя асобы вайсковай часткі, калегі, сваякі, знаёмыя, прызначаны шэраг экспертыз.