Каманда стартапа MIMICA на чале з мікрахірургам Халідам Рустамавым працуе над мабільным дадаткам, які ўжывае тэхналогію дапоўненае рэальнасці для эфектыўнай рэабілітацыі пацыентаў з паралічам твару. Гэты віртуальны інструктар можа дапамагчы тысячам людзей з усяго свету аднавіць парушаную ў выніку перанесенай хваробы або траўмы міміку твару і зноў пачаць усміхацца.

Доктар Халід Рустамаў даследуе мікрахірургію паралічу твару і ў сваёй практыцы пастаянна сутыкаецца з праблемамі рэальных пацыентаў, у якіх у выніку папярэдніх аперацый, механічнага пашкоджання або перанесенага захворвання абезрухоўленая адна палова твару.

Сучасная медыцына дазваляе дамагчыся частковага аднаўлення рухаў пры паралічы твару з дапамогай розных хірургічных аперацый, але адным з самых прынцыповых этапаў лячэння з'яўляецца рэабілітацыя. Шмат у чым яе поспех заключаецца ў адмысловай мімічнай гімнастыцы. Пацыент, які праходзіць рэабілітацыю дома, не заўсёды можа правільна выконваць патрэбныя практыкаванні і выконваць іх рэгулярнасць. Яму бракуе жывых зносін з доктарам, магчымасці кантраляваць свой прагрэс без візітаў у медустанову для фота- і відэарэгістрацыі пасляаперацыйных зменаў.

Каля года Халід выношваў ідэю пра тое, як аўтаматызаваць аддаленую рэабілітацыю і зрабіць сам працэс больш эфектыўным. Канчатковая канцэпцыя сфармавалася на адным з мінскіх навуковых хакатонаў.

Ужо больш за тры месяцы каманда стартапа працуе над мабільным дадаткам з інтэрактыўным AR-трэнажорам мімікі. Візуальны трэкер прагрэсу рэабілітацыі дазваляе пацыентам з паралічам твару правільна рабіць мімічную гімнастыку, кантраляваць рэгулярнасць практыкаванняў і дамагацца вынікаў. Акрамя таго, карыстальнік атрымлівае доступ да чату са сваім лекарам, рэкамендацый па захворванні (у тым ліку і пасляаперацыйных), дзённіка, календара кансультацый.

Каманда стала рэзідэнтам нядаўна створанага бізнэс-інкубатара БДУІР, працягвае ўдзельнічаць у розных спаборніцтвах і стартап-бітвах, займае прызавыя месцы. Дзякуючы перамозе ў лакальным этапе спаборніцтвы Startup Battle, атрымала магчымасць удзельнічаць у The Intercontinental Startup Battle, які пройдзе 13—17 лістапада 2017 у Сіліконавай даліне ў Сан-Францыска. Зараз хлопцы збіраюць сродкі на паездку з дапамогай краўдфандынгу. І кожны з вас можа дапамагчы ім зрабіць так, каб у свеце было як мага менш людзей, якія не могуць ўсміхацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0