Кіраўнік каталонскай паліцыі Жазэп Луіс Трапера паўстаў у пятніцу перад судом у Мадрыдзе: яго падазраюць у непадпарадкаванні, піша ВВС.
EPA
Паліцыя Каталоніі абвінавачваецца ў невыкананні абавязкаў па ахове супрацоўнікаў нацыянальнай паліцыі Іспаніі ад удзельнікаў пратэстаў перад рэферэндумам аб незалежнасці 1 кастрычніка.
У якасці падазраваных у суд выкліканыя таксама два галоўныя актывісты руху за незалежнасць Каталоніі і яшчэ адзін супрацоўнік каталонскай паліцыі.
Рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі, які прайшоў у нядзелю, быў прызнаны незаконным.
Слуханні праходзяць у нацыянальным крымінальным судзе ў Мадрыдзе. Справа тычыцца сутыкненняў іспанскай паліцыі з тысячамі прыхільнікаў незалежнасці Каталоніі перад будынкам рэгіянальнага міністэрства эканомікі ў Барселоне 20 верасня.
Іспанская газета El Pais назвала вылучаныя супраць каталонскай паліцыі абвінавачванні экстраардынарнымі ў сучаснай гісторыі дэмакратыі ў Іспаніі і нечуванымі з часоў дыктатуры Франка.
Артыкул аб адкрытым непадпарадкаванні ўладам, які быў унесены ў крымінальны кодэкс Іспаніі ў 1822 годзе, прадугледжвае турэмны тэрмін да 15 гадоў. Адкрытым непадпарадкаваннем лічацца дзеянні, накіраваныя супраць дзяржаўных рашэнняў або нацыянальных сіл бяспекі.
У жніўні, пасля тэракту ў Барселоне, каталонскую паліцыю, наадварот, ушаноўвалі за хуткую ліквідацыю ячэйкі ісламістаў.





