Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара Новалукомля Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, якому выстаўленае абвінавачванне ў здзяйсненні некалькіх злачынстваў, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава.

17-гадовы малады чалавек, знаходзячыся на вучобе ў Віцебску, у студзені без ведама сваёй дзяўчыны скапіяваў і запусціў на яе мабільным тэлефоне праграму для доступу да асабістай інфармацыі. Пасля чаго з цікаўнасці і рэўнасці на працягу пяці месяцаў атрымліваў звесткі пра яе месцазнаходжанне, перапіску (у тым ліку ў месенджарах), размовы, файлы, паролі да яе акаўнтаў у сацсетках. Абвінавачваны прымаў і перахопліваў канфідэнцыйныя даныя, капіяваў іх на свой тэлефон і ноўтбук і выкарыстаў у сваіх мэтах, у тым ліку паведамляў іншым. Перыядычна ён блакаваў інфармацыю на тэлефоне дзяўчыны.

Следчыя кваліфікавалі дзеянні непаўналетняга па ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі) і па артыкуле 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй) КК РБ.

Акрамя таго, маладому чалавеку выстаўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 218 КК РБ — наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, якія пацягнулі прычыненне шкоды ў значным памеры, учыненыя агульнанебяспечным спосабам.

Паводле даных следства, у ноч з 28 на 29 сакавіка ў кватэры па праспекце Перамогі ў Віцебску, дзе пражывала дзяўчына абвінавачанага, быў здзейснены падпал. Агонь пашкодзіў маёмасць на суму больш за 4500 рублёў. Дзякуючы таму, што сведка заўважыў агонь і выклікаў МНС, пажар не распаўсюдзіўся на суседнія кватэры.

Вынік комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы сведчыць, што ў час здзяйснення злачынства хлопец мог усведамляць фактычны характар, грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Папярэдняе расследаванне завершанае. Матэрыялы справы перададзеныя ў суд для разгляду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?