Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая абвесціла аб стварэнні грамадзянскай кампаніі «Наперад, Беларусь!» Пра гэта актывістка АГП напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Адметна, што Канапацкая ўжо першай фразай крытыкуе не толькі ўладу, але і апазіцыю. «Беларусы не вераць не толькі дзейнай уладзе, але і апазіцыі, і маюць важкія асновы для гэтага — адсутнасць поспехаў і перамог улады і апазіцыі прывяло краіну да цяжкага эканамічнага і палітычнага становішча», — адзначае Канапацкая.

«Год майго дэпутацтва прадэманстраваў, што перамены не проста магчымыя, амаль усё гатова для ўвасаблення іх у жыццё. Але аднаго майго голаса мала, мне неабходная падтрымка большасці грамадзян рэспублікі», — піша дэпутатка.

Рух Канапацкай будзе называцца «Наперад, Беларусь!» Па яе словах, гэта «прынцыпова новы палітычны рух у краіне». Мэтамі называецца тое, што рух будзе абараняць правы грамадзян у дзяржаўных органах, а таксама атрыманне дэпутацкай большасці ў парламенце.

Адзначаецца, што структура «Наперад, Беларусь!» будзе гарызантальнай. «Кампанія фінансуецца шляхам збору сродкаў на сваю дзейнасць — краўдфандынга, не з'яўляецца закладнікам палітыкі любых фондаў, арганізацый і прыватных асоб, якія дыктуюць праз прадстаўленыя рэсурсы свае ўмовы», — гаворыцца ў заяве.

Канапацкая абяцае, што кампанія будзе штомесяц справаздачыцца аб патрачаных сродках і выкананай рабоце. «Ніякіх пасадаў у руху не будзе, мы дамо справаздачу за кожную капейку», — абяцае дэпутатка.

Цяпер рух дэкларуе актыўны ўдзел у мясцовых выбарах.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што Ганна Канапацкая не каардынавала з ім ідэю стварэння новага руху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?