21 мая 2006 г. у многіх парафіях адбылася ўрачыстасць Першай Камуніі. Да гэтага сакрамэнту дзеці, паводле пастановаў Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, рыхтаваліся на занятках па рэлігіі на працягу двух гадоў.

У год, прысвечаны памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ, урачыстасць Першай святой Камуніі стала добраю нагодаю для таго, каб яшчэ раз вярнуцца да вучэння Вялікага Папы на тэму Эўхарыстыі:

«Уключэнне ў Хрыста, якое адбываецца у св. Хросце, аднаўляецца і пастаянна ўмацоўваецца праз удзел у эўхарыстычнай Ахвяры, перадусім тады, калі гэты ўдзел поўны дзякуючы ўдзелу ў сакрамэнтальнай Камуніі. Мы можам сказаць, што не толькі кожны з нас прымае Хрыста, але таксама Хрыстус прымае кожнага з нас. Ён умацоўвае повязі сяброўства з намі: «Вы – другі Мае» (Ян 15, 14). Мы сапраўды жывем дзякуючы Яму: «Той, хто спажывае Мяне, жыць будзе Мною» (Ян 6, 57). У эўхарыстычнай Камуніі ўзнёслым чынам рэалізуецца ўнутранае «пражыванне» Хрыста і вучня: «Будзьце ж у ва Мне, і Я ў вас [буду]» (пар. Ян 15, 4).

Яднаючыся з Хрыстом, Люд Новага Запавету далёкія ад таго, каб замыкацца ў сабе, становіцца «сакрамэнтам» для ўсяго роду людскога, знакам і прыладаю збаўлення, здзейсненага Хрыстом, святлом свету і соляю зямлі (пар. Мц 5, 13–16) для адкуплення ўсіх» (Ecclesia de Eucharistia, 22).

У мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Першую Камунію, якую прынялі 59 дзяцей, удзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка.

У гэты ж дзень з рук біскупа Антонія Першую Камунію прынялі 147 юных парафіянаў касцёла святых Сымона і Алены.

Нягледзячы на даджлівае надвор’е, працэсіяй распачалася ўрачыстасць Першай Камуніі ў парафіі святога Яна Хрысціцеля, дзе 26 дзецям удзяліў першую Камунію пробашч парафіі а. Ігар Лашук.

У гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай Першую Камунію сёлета прынялі 105 дзетак.

Ва ўсіх парафіях, дзе адбылася Першая Камунія, распачаўся «белы тыдзень», падчас якога дзеці ва ўрачыстых белых строях штодзённа ўдзельнічаюць у святой Імшы і моляцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Тэкст і фота catholic.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0