Рэдактар «Эканамічнай газеты» Леанід Фрыдкін апублікаваў артыкул, у якім паведамляе пра магчымае ўвядзенне дэкрэта «Аб гарантыйным дэпазіце».

Згодна з праектам дэкрэта, любы бізнэсмен зможа пакласці на спецыяльны рахунак у «Беларусбанку» не менш за 50 тысяч рублёў. Гэта будзе гарантыйны дэпазіт для забеспячэння кампенсацыі прычыненай шкоды. Прычым такі дэпазіт можна будзе завесці і для сябе, і для любой іншай асобы.

Калі ў будучыні ў дачыненні да бізнэсмена будзе заведзеная крымінальная справа па «эканамічным артыкуле», яе разгляд пройдзе па спрошчанай працэдуры, без пазбаўлення свабоды.

Гаворка ідзе пра прычыненне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу (арт. 216 КК), кантрабанду (арт. 228 КК), незаконнае перамяшчэнне тавараў праз мяжу (арт. 228.1 КК), ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў (арт. 231 КК), незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць (арт. 233 КК), легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (арт. 234 КК), набыццё або збыт матэрыяльных каштоўнасцяў, заведама здабытых злачынным шляхам (арт. 237 КК), утойванне банкруцтва ( арт. 239 КК), ухіленне ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК), перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 1 арт. 426 КК), службовую халатнасць (арт. 428 КК), а таксама адміністрацыйныя правапарушэнні, прадугледжаныя раздзеламі 11-14 КаАП.

Пры наяўнасці падстаў для завядзення крымінальнай справы праваахоўнікі высвятляць, ці ёсць у парушальніка гарантыйны дэпазіт. Калі ён ёсць і сумы хапае для пакрыцця шкоды, то крымінальная справа не заводзіцца. У такім разе праваахоўнікі прымаюць пастанову і забіраюць частку грошай з рахунка ў даход дзяржавы.

Адначасова пастанова накіроўваецца вінаватаму бізнэсмену, які на працягу 20 дзён павінен выплаціць у бюджэт кампенсацыю ў памеры 30% сумы шкоды. У адваротным выпадку гэтую суму спагоняць прымусова судовыя выканаўцы.

Калі ж грошай на рахунку не дастаткова для кампенсавання шкоды, то крымінальную справу ўсё ж завядуць. Але на час разбіральніцтва бізнэсмена ў ізалятар ўсё ж не адправяць.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0