Еўрапейскі Саюз увёў новыя санкцыі ў дачыненні да кіраўніцтва Паўночнай Карэі. У аўторак на пасяджэнні Савета ЕС быў забаронены экспарт у КНДР звадкаванага газу і імпарт прадукцыі паўночнакарэйскай тэкстыльнай прамысловасці. Акрамя таго, краінам Еўрасаюза забаранілі выдаваць новыя дазволы на працу грамадзянам КНДР, паведамляе DW.

Такім чынам ЕС рэалізаваў прынятую 11 верасня рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН у дачыненні да Пхеньяна у адказ на неаднаразовыя ракетныя выпрабаванні паўночнакарэйскага кіраўніцтва. У пачатку верасня 2017 года Рада Бяспекі ААН аднагалосна ўхваліла новы праект рэзалюцыі аб увядзенні дадатковых санкцый у дачыненні да КНДР. Дакумент прадугледжвае поўную забарону на ўвоз з Паўночнай Карэі тэкстыльнай прадукцыі, а таксама абмяжоўвае продаж Пхеньяну нафтапрадуктаў двума мільёнамі барэляў у год.

Узмацненне жорсткасці санкцый урад КНДР назваў незаконным, заявіўшы, што крокі, на якія ў гэтым выпадку пойдзе Пхеньян, прымусяць Злучаныя Штаты адчуваць «наймацнейшы боль і пакуты, якія яны калі-небудзь перажывалі за ўсю сваю гісторыю».

Паралельна з санкцыямі ААН Еўрапейскі Саюз распрацоўвае ўласныя штрафныя меры ў дачыненні да ўладаў у Пхеньяне, нагадвае dpa.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0