«Польшча лічыць, што Тадэвуш Касцюшка — герой як Польшчы, так і Літвы, Беларусі і ЗША, універсальны герой чалавецтва, а не выключна «сын Беларусі» або «польскі генерал», — гаворыцца ў адказе МЗС Польшчы на пытанне Радыё Свабода.

У лісце міністэрства тлумачыць, што ад самага пачатку вельмі пазітыўна паставілася да ідэі паставіць ў Залатурне (Швейцарыя) супольны помнік Тадэвушу Касцюшку як герою Польшчы, Беларусі, Літвы і многіх народаў.

Помнік Касцюшку, паводле МЗС, быў вялікім шанцам на супольную польска-беларускую ініцыятыву.

Паводле замежнапалітычнага ведамства Польшчы, амбасада ў Берне вяла перамовы з ініцыятарамі праекта — Таварыствам беларусаў Швейцарыі.

«Прапанова польскага боку — размясьціць на помніку толькі шыльду з імем і прозвішчам Тадэвуша Касьцюшкі. Прапановаю беларускага боку была шыльда «Тадэвуш Касьцюшка — сын Беларусі».

Гэтая шыльда не ўзгадвала пра якія-небудзь сувязі Касьцюшкі з Польшчай, для польскага боку гэта было непрымальна» — гаворыцца ў адказе МЗС.

Амбасада Польшчы ў Берне паведаміла, што прапаноўвала супольнае адкрыцьцё помніка дыпламатамі Польшчы, Беларусі і Літвы. «Беларускі бок нечакана выйшаў з перамоваў без паведамлення прычынаў, а пасольству Польшчы ў Берне паведамілі, што беларускі бок самастойна правядзе ўрачыстасць, што нас засмучае», — напісана ў лісце МЗС Польшчы.

21 кастрычніка ў горадзе Залатурн у Швейцарыі мае адбыцца адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку. Ініцыятыва ўшанавання героя Беларусі, Польшчы і ЗША належыць швейцарскім беларусам.

Напярэдадні адкрыцця стала вядома, што польскія дыпламаты дамагліся ад уладаў горада, каб тыя прыбралі з помніка згадкі пра Беларусь.

Пад ціскам палякаў з помніка Касцюшку ў Швейцарыі выкраслілі ўсе згадкі пра Беларусь

МЗС пракаментавала сітуацыю вакол помніка Касцюшку ў Швейцарыі: умяшаецца беларускі павераны

«Выпадак з помнікам Касцюшку — выключэнне, а не правіла. Польшча паслядоўная ў падтрымцы беларускай незалежнасці»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0