6 крымскіх татараў былі затрыманыя сёння ў Бахчысараі. Яны ўзятыя пад варту па падазрэнні ў прыналежнасці да групоўкі «Хізб ут-Тахрыр», паведамляе крымскататарскі канал ATR.
Акрамя таго, адначасова з імі адміністратыўна затрымалі яшчэ 9 суседзяў, якія збегліся на месца арыштаў выказваць свой пратэст.
Усяго колькасць палітвязняў у Крыме дасягнула 54 чалавекі, з іх палова — этнічныя татары, а другая палова — украінцы.
Па словах кіраўніка Меджліса крымскататарскага народа Рафата Чубарава, абвінавачванні ў прыналежнасці да «Хізб ут-Тахрыр» надуманыя. Па-першае, гэтая арганізацыя легальная ў большасці краін свету. Па-другое, арыштоўваюць проста актывістаў нацыянальнага і рэлігійнага руху.
У Расіі экстрэмісцкім абвешчаны і сам Меджліс — выбарная рада прадстаўнікоў крымскіх татараў, які адмовіўся прызнаць анексію Крыма Расіяй.
Сярод іншых крымскіх палітвязняў — 67-гадовы журналіст Мікола Сямена, які атрымаў 2,5 года турмы за рэпартажы на сайт «Крым. Рэаліі» і радыё «Свабода», у якіх ён называў Крым акупаваным. Застаецца за кратамі і 41-гадовы ўкраінец-рэжысёр Алег Сянцоў.
«Мы маем справу з выдушваннем крымскіх татараў з Крыма», - так пракаментаваў сённяшнія арышты кіраўнік крымскататарскага тэлеканала ATR Лянур Ісламаў.