Дзве жанчыны і мужчына загінулі на пешаходных пераходах, яшчэ некалькі пешаходаў атрымалі траўмы толькі за адзін дзень, 13 кастрычніка.

Аварыя ў Пухавіцкім раёне адбылася а 19.10 на 50-м км дарогі Мінск-Гомель каля вёскі Падбярэжжа. «Кіроўца-бяспраўнік за рулём мікрааўтобуса «Фольксваген Транспарцёр» збіў жанчыну-пешахода. Яна пераходзіла праезную частку па нерэгуляваным пераходзе.

У выніку ДТЗ жанчына памерла на месцы здарэння ад атрыманых траўмаў, - паінфармавалі БелТА ў ДАІ. - Папярэдне вядома, што наезд быў здзейснены ў левай паласе. У правай паласе аўтамабілі спыніліся, каб прапусціць двух пешаходаў. Жанчына ішла першай. Святлоадбіўнымі элементамі пазначаная не была».

У той жа дзень у Слуцку каля 18.40 мясцовая жыхарка на аўтамабілі «Форд Фіеста» збіла 9-гадовую дзяўчынку. Школьніца пераходзіла праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Вучаніца 4-га класа з пераломам нагі была шпіталізаваная.

У той жа дзень жанчына атрымала смяротныя траўмы на пешаходным пераходзе ў Шумілінскім раёне. Смяротны наезд на пешахода быў здзейснены ў вёсцы Мікіціха (на 54-м км аўтадарогі Віцебск-Полацк-мяжа Латвіі) каля 20.40.

33-гадовы віцяблянін на аўтамабілі «Пежо 406» наехаў на жанчыну-пешахода, якая перасякала праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. 48-гадовая жанчына атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні і была шпіталізавана ў Шумілінскую ЦРБ. Выратаваць яе не ўдалося - праз дзве з паловай гадзіны яна памерла.

Смяротнае ДТЗ адбылося 13 кастрычніка і ў Мёрскім раёне. А 22-й гадзіне на 37-м км аўтадарогі Р18 Верхнядзвінск-Шаркаўшчына-Казьяны 21-гадовы кіроўца аўтамабіля «Опель-Астра» збіў мужчыну, які знаходзіўся на праезнай частцы. 42-гадовы пешаход загінуў на месцы ДТЗ.

Пешаход ўчора пацярпеў і ў Новалукомлі Чашніцкага раёна. У 17.45 кіроўца 1986 года нараджэння на аўтамабілі «Рэно Меган» наехаў на 70-гадовага мужчыну. Ён шпіталізаваны.

Па ўсіх фактах наездаў на пешаходаў праводзяцца праверкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0