Прызнацца, мне самому больш падабецца назва “Гармата для канфэці”, але называю гэты тэкст інакш, каб прыцягнуць вочы магчымага чытача. Гармата для канфэці была ці не найбольш незвычайнай на сьвяце 880-годзьдзя, хоць і не сапраўднай, але вельмі маскараднай нават побач зь ня вельмі натуральным карагодам удзельнікаў гістарычнага спэктаклю. Хай гэта ўвогуле якоесьці дзіцячае прызнаньне, але сам я ўпершыню ўбачыў яе на свае вочы, прычым зблізку, і яна мне вельмі спадабалася.

Калі гэта краіна сьнежных гарматаў, чаму б ёй урэшце ня стаць краінай гарматаў для канфэці? Якой яна ўжо робіцца: краінай суцэльных музбазараў, фолькшэсьцяў, рэтрашлягераў, карнавальнай страляніны рулькамі туалетнай паперы з рыцарскіх гарматак, выбухаў канфэці, халодных, як бэнгальскія агні, афіцыйных і цяплейшых — вясельных фэерверкаў, рымскіх агнёў кітайскай вытворчасьці… Якаясьці гарадзенскай атмасфэра канца 18-га стагодзьдзя, дальбог. Маўклівы парлямэнт, сьлёзы караля.

Першае ўражаньне шэрага сьвяточнага дня: панылыя ручаіны школьнікаў пад парасонамі з абавязковым шарыкам у руцэ, што сьцякаліся на “парад” працоўных, дзяцей, моладзі, нямецкіх рэксаў і міліцыянтаў пры іх з калахамі. Закаркаваная спыненым да каманды парадам пешаходная вуліца. Рыцарская гульня для начальства, астатняя публіка магла бачыць яе дзякуючы навінцы — лічбаваму табло над галовамі.

Асобы з гарадзенскай гісторыі, нечакана вельмі падобны, шатамі, барадой Стэфан Баторы, каралева Бона таксама бадай выглядала досыць па-каралеўску. Трэба сказаць, затое, дамы прыдворныя ў лепшым разе здаваліся куртызанкамі. Апошняга караля я асабіста папросту не пазнаў, выглядаў болей на фарэйтара ад карэты, зь якой выходзілі дамачкі ў парыках. Знаеце, у тэатры часам ставяць штось з Мальера, якіясьці камзолы ў гардэробе ў наяўнасьці. Але відавочным стала: у каралеўскім горадзе нічога каралеўскага ў рэпэртуары, пагатоў з Бонай Сфорцай, Баторыем і г.д. няма. Леташні прэм’ерны “Голы кароль” — у разьлік браць няможна.

З рэксамі ўсё нармальна, з калахамі таксама, нават з гарматай для канфэці. А вось Мальер наш маланатуральны, бо гэта зусім не Мальер каралеўскіх часоў, які трапіў у Горадню напрасткі з Парыжу, прынамсі праз Варшаву. Не, гэта Мальер маскоўска-пензенскі, на савецкіх дражджах, двойчы імпартаваны. Хаця гасьцям спадабалася прынамсі само зьяўленьне сярод узвода а-ля салдат Вялікай айчыннай, ды іншых абаронцаў савецкай радзімы, актораў у камзолах і парыках. Я таксама адчуў крыху культурны шок, калі, халера, Станіслаў наш Аўгуст Панятоўскі ўпершыню не па-польску, а па-беларуску загаварыў, не камплексуючы лішне. Малойца! Дый польскі начальнік зь Беластоку не абразіўся, наадварот, пахваліў, прызнаўся, што глядзеў відовішча з ўзрушэньнем. Калі вы ўсе гэтак любіце свой горад, заўтра абавязкова будзе цяплей, закончыў ён свой выступ. І што вы думаеце? Сапраўды наступнага дня вызірнула сонца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?