Камунізм, у сэнсе ліквідацыі перажыткаў і поўнага дабрабыту, надышоў не ў 1980 годзе, а недзе ў 2005-м, і не ва ўсім Савецкім Саюзе, а толькі на тэрыторыі сувэрэнннай Рэспублікі Беларусь. І тады выявілася, што людзям не патрэбная ўся праўда. І нават каліўца яе не патрэбна, калі ім жывецца добра. Піша Віталь Тарас.

Сьмешны анахранізм

У дзяцінстве многія словы падаюцца сьмешнымі. Мне, напрыклад, падавалася забаўным слова «анахранізм». Адкуль было ведаць у дзяцінстве, што анахранізм як зьмяшэньне эпохаў, як несупадзеньне твайго індывідуальнага адчуваньня часу з гістарычным – гэта жахлівая рэч. За часам Хрушчова пад анахранізмам разумеліся, звычайна, «перажыткі» – царква, народныя звычаі, мова. Усё тое, што перашкаджала савецкім людзям на шляху да камунізму. Пэрсанальна Хрушчову (свайго роду Пуціну 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя) на гэтым шляху заміналі ўсе нацыянальныя мовы – у тым ліку, беларуская, якія павінны былі хутка адмерці. Першы сакратар ЦК КПСС, ён жа – Старшыня Прэзыдыюму Савету Міністраў СССР, крыху памыліўся ў тэрмінах. Камунізм, у сэнсе ліквідацыі перажыткаў і поўнага дабрабыту, надышоў не ў 1980 годзе, а недзе ў 2005-м, і не ва ўсім Савецкім Саюзе, а толькі на тэрыторыі сувэрэнннай Рэспублікі Беларусь. Праўда, РБ як бы ўваходзіць у склад «саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі», але гэта толькі даводзіць справядлівасьць яшчэ аднае тэзы – камунізм сатрэ ўсе межы.

Справа не ў абстрактным прынцыпе: «ад кожнага паводле здольнасьцяў, кожнаму – паводле патрэбаў». Справа ў практычнай рэалізацыі мараў савецкага чалавека. Хочаш аўтамашыну, ды яшчэ імпартную – калі ласка! Хочаш кватэру ў горадзе ці пабудаваць дом – і гэта мажліва яшчэ пры тваім жыцьці, а не ў «цудоўнай далечыні». Ёсьць мабіла апошняй мадэлі, зь якой можна пасылаць ммс з выявамі шчасьлівага жыцьця, ёсьць гарэлка, ёсць бульба з салам, ёсьць піва «Аліварыя» і «Кока-Кола»,
зробленая ў Беларусі. Усё на любы густ і смак. Пра што можна яшчэ марыць!

Вось, скажа нехта, яшчэ адзін стары корч будзе бурчэць пра тое, што ў маладосьці дрэвы былі зелянейшыя і сонца ярчэйшае. У апошнім зусім ня ўпэўнены, калі меркаваць па зьменах клімату. А вось што мары ў майго пакаленьня былі нейкія іншыя, і адчуваньне часу...

Гарачыя клявішы

Пісаць пра пачуцьцё «дэжавю» ў гісторыі ўжо зрабілася штампам, агульным месцам. Падзеі на Каўказе, караблі НАТО ў Чорным моры, савецкія стратэгічныя бамбавальнікі ў Вэнэсуэле (гэта не абмылка – яны ж былі вырабленыя яшчэ ў СССР). А там і флягман расейскіх ВМС «Пётра Вялікі» падплывае да Карыбаў. І вось ужо ўсе пачалі згадваць Карыбскі крызіс, 1962 год, сьвет на парозе Трэцяй усясьветнай вайны…

А ўсё-ткі, дальбог, ня цягне Буш-малодшы на Джона Кэнэдзі, а Робэрт Гэйтс (ня блытаць зь Білам Гэйтсам!) на Джона Макнамару. І «нацыянальны лідэр» цяперашняй РФ на ролю Мікіты Хрушчова ня цягне. Ну, ня цягне, нягледзячы на мускулісты торс, валоданьне дзюдо, нямецкай мовай і ўменьне ўстаўляць у свае выступы падрыхтаваныя загадзя фірмовыя нарыхтоўкі кшталту «мачыць у сарціры«, «размазваць соплі», «зробім абразаньне»...

Іншая справа, што і Сарказі – не дэ Голь, і Сара Пэйлін – зусім ня Маргарэт Тэтчэр, хоць кандыдатку ў віцэ-прэзыдэнты ЗША пачалі параўноўваць ужо з жалезнай лэдзі…

Калі малапісьменны Хрушчоў заяўляў з трыбуны: «мы вас закапаем» («сацыялізьм закапае капіталізьм»), на Захадзе з рэальным жахам разумелі, што СССР можа гэта зрабіць – адправіць увесь сьвет у апраметную. У ЗША 45 гадоў таму ўсур’ёз рыхтаваліся да ядравай вайны. І дзеці там разьвітваліся са сваімі бацькамі, кладучыся спаць, — «назаўсёды». Бо заўтра магло не наступіць ніколі.

Парадаксальна, але сёньня такога адчуваньня ўжо няма. (Вось характэрны жарт з папулярнага сайту bash.org: у інтэрнэт-краме пабачыў кнігу «Ядравыя кнопкі. Прыёмы эфэктыўнай працы з выкарыстаньнем гарачых клявішаў». Гэта як? Калі вам лянота выбіраць па адной краіне са спісу, націсьніце Ctrl+A і Enter?) Ядравая зброя ўжо не падаецца гарантыяй неразьвязваньня сусьветнай вайны. Узаемнае гарантаванае зьнішчэньне? А можна ж ваяваць і без ужываньня ядравай зброі і пры гэтым усё адно «забіць шмат людзей», як жартавалі амэрыканскія генэралы ў добрыя старыя часы.

Спробы Расеі заявіць пра свае імпэрскія амбіцыі і прынцыпы (не лезьце ў НАША мора і на НАШ Каўказ, і мы не палезем у ВАШУ Атлянтыку) заснаваныя не на тым, што ваенна-прамысловы патэнцыял краіны вырас у разы за кошт звышпрыбыткаў ад нафты й газу. А на тым, што да ўлады прыйшлі прадстаўнікі рэваншу. І ня проста так прыйшлі – яны, выглядае, былі запатрабаваныя масамі.
Раскол у грамадзтве (аб гэтым пісаў Артур Тойнбі) праходзіць не паміж багатымі і беднымі, не паміж клясамі, як гэта даводзілі марксісты, а празь сем’і, праз сэрца і мазгі кожнага чалавека. І сумленная, думаючая частка грамадзтва, як гэта часьцей за ўсё здараецца ў гісторыі, засталася ў безнадзейнай меншыні. Нават людзі бездакорнай рэпутацыі, тонкага літаратурнага густу – прэзыдэнт Расейскага ПЭН-цэнтру Андрэй Бітаў і Фазіль Іскандэр, аўтар знакамітых аповесьцяў «Сандро з Чэгэму» і «Трусы й удавы» – ня вытрымалі, паставілі свае подпісы пад тэкстам антыамэрыканскай праклямацыі ў духу хрушчоўскага часу. Бітаў, праўда, свой подпіс адклікаў. Але агульнай карціны шчырай падтрымкі замежнай палітыкі Крамля гэта не зьмяніла. Нават у перадачах расейскай службы радыё «Свабода» з удзелам праваабаронцаў вы практычна не пачуеце галасоў тых, хто асуджае дзеяньні Расеі ў Грузіі. Агульнае меркаваньне: «у НАС не было іншага выйсьця». Сумняваюцца ў гэтым пастуляце адзінкі. І гэта пры тым, што паводле дакументальных сьведчаньняў назіральнікаў Human Rights Watch, у Цхінвалі падчас канфлікту былі разбураны 5 адсоткаў будынкаў, а ў навакольных грузінскіх всёках – да 50 адсоткаў і больш, прычым большасьць дамоў былі падпаленыя і разрабаваныя.

Што ж, дзьве тысячы гадоў таму натоўп, як мы ведаем, крычаў: «Распні яго»! Гэта пра тое, што большасьць заўсёды мае рацыю.

Падвойная праўда

Размовы пра мараль сёньня здольныя выклікаць хіба толькі раздражненьне. Эпоха 60-х і шасьцідзясятніцтва як такое яна скончылася на на нашых вачах, з адыходам Быкава. У Беларусі засталіся некалькі мастадонтаў, якіх трэба было б узяць пад ахову дзяржавы. А іх, наадварот, улады цкуюць паводле старой памяці
(дакладней, пвінуючыся жывёльнаму інстынкту), не дазваляюць запрашаць у дзяржаўныя СМІ, нават згадваць у тытрах фільмаў пры паказе на БТ. Ім, «мастадонтам», падавалася, што трэба людзям гаварыць праўду, усю праўду і нічога акрамя праўды – і людзі вызваляцца, ачысьцяцца, стануць іншымі. «Жыць не ў ілжы» заклікаў Салжаніцын, барукаючыся з камунізмам. Камунізму ня стала. Мана засталася.
Выявілася, што людзям не патрэбная ўся праўда. І нават каліўца яе не патрэбна, калі ім жывецца добра.
Альбо людзям так падаецца, бо іншага жыцьця яны ня ведалі й ведаць ня хочуць. І што азначае ўся праўда? Ці вядомая яна самім праўдалюбцам? Альбо нехта прапануе сябе ў ролі мэсіі? Дык у гэтай ролі зручней пачуваецца кіраўнікам дзяржаваў. Ім і веры больш – бо на іх баку моц.

Але самае кепскае палягае на тым, што пятнаццаць апошніх гадоў дэмапазыцыя несла слова Праўды (менавіта так, толькі зь вялікай літары), раскрываючы людзям вочы на ўладу і яе злоўжываньні, трымаючы яшчэ адну маленькую праўду – для сябе. Грантык, паездку за мяжу, магчымасьць уладкаваць сына ці дачку ў замежны інстытут па праграме Каліноўскага. Нічога асаблівага. Усе мы людзі, з сваім клопатам, асабістымі праблемамі, усім трэба карміцца. Хто сам без граху, хай першым кіне камень...

Толькі вось гэтая падвойная праўда – адна для сябе, другая для грамадзтва – яна непазьбежна вяла сваіх носьбітаў да раздвоенай сьвядомасьці, да свайго роду грамадзкай шызафрэніі. Вынікі яе мы сёньня маем шчасьце назіраць падчас сёлетняй выбарчай кампаніі. Сёньня – толькі байкот! Заўтра – удзел з мэтай тлумачэньня выбарцам бессэнсоўнасьці ўдзелу (!) у выбарах. Што будзе заўтра, ніхто нават ня хоча думаць. Тыя, хто патрапіць у палату, напэўна, стануць звысок глядзець на тых, хто туды не патрапіў. А тыя, хто не патрапіў, будуць байкатаваць тых, хто атрымае дэптутацкія «корачкі», абвінавачваць іх у здрадзе. У здрадзе чаму, якім ідэалам? У любым выпадку, новая сытуацыя пойдзе ў нейкім сэнсе на карысьць грамадзтву.

Калі ў парлямэнт патрапіць хоць частка дэмакратычных кандыдатаў, гэта паскорыць разлажэньне апазыцыі старога прызыву. Бясконцае корпаньне ў дробных унтрыпартыйных і міжасабовых праблемках ніяк не дае ёй узьняцца да асэнсаваньня агульнанацыянальных праблемаў на тле глябальных зьменаў, падземнае гудзеньне якіх мы адчуваем ужо амаль фізычна.

А вось ці прыйдзе на месца старой апазыцыі новая – вялікае пытаньне.

Крута быць тупым

Ня варта думаць, што моладзь заўсёды нясе з сабой нешта новае і перадавое толькі таму, што яна – моладзь.

Ня будзем засяроджвацца на тым, што адбылося з маладым пакаленьнем, якое вырасла за Лукашэнкам. Ёсьць, так бы мовіць, глябальныя тэндэнцыі, якія закранулі і Беларусь.

Нядаўна ў Нямеччыне выйшла кніга Анны Вайс і Штэфан Бонэр пад назвай Generation Doof. («Пакаленьне тупіцаў».)

“Паглядзіце розныя тэлешоў, пасядзіце ў Інтэрнэце, прыгледзьцеся да людзей на вуліцы – здаецца, што ўсе навокал сталі дурнаватымі”. (Тут і далей цыт. паводле часопісу «Знание – сила», № 8, 2008, ст. 5-9.) “Можна дамагчыся посьпеху ў жыцьці, не навучаючыся нічому, не абцяжарваючы сябе ні розумам, ні ведамі, ні здольнасьцямі. Не чалавек – мера ўсіх рэчаў, і ня Бог, а Шчасьлівы Выпадак. Мы – усяго толькі рабы, прыкутыя да Кола Фартуны, і ня трэба парыцца, прыкладаць намаганьні на навучаньне ці нешта яшчэ – лепей адразу стаць мільянэрам”. (Дадамо ад сябе – выйграць у Супэрлато.) Асноўная выснова кнігі Вайс і Бонэр – Dumb is the new cool! Быць тупым цяпер крута!

У кнізе С’юзэн Джэйкабі «Эпоха амэрыканскай неразумнасьці» (The Age of American Unreason), якая выйшла ў сьвет летась, прыводзяцца такія зьвесткі. «Хто такі Адольф Гітлер? Нямецкі кайзэр? Гандляр зброяй? Прэмьер-міністр Аўстрыі? Райхсканцлер Нямеччыны? Амаль чвэрць маладых амэрыканцаў ня можа адказаць на гэтае пытаньне. Каля паловы амэрыканцаў не змаглі адказаць, калі ў іх краіне адбылася грамадзянская вайна, кожны чацьвёрты лічыў, што Калюмб адкрыў Амэрыку пасьля 1750 году”. І гэта пры тым, што ў ЗША цяпер працуюць 4200 вышэйшых навучальных установаў, у якіх вучацца 15,7 мільёна студэнтаў.

Гэтая Амэрыка, дарэчы, будзе выбіраць паміж Маккейнам і Абамам.

Зрэшты, веды школьнікаў у Расеі ці ў большасьці краінаў Эўропы (за выключэньнем Фінляндыі, дзе конкурс у пэдунівэрсытэты складае 10 чалавек на месца, бо прафэсія пэдагога лічыцца там самай прэстыжнай) не нашмат вышэйшы. Усё гэта вядзе ў дарослым жыцьці да ўсеагульнай прафанацыі – навукі, літаратуры, мастацтва, журналістыкі, палітыкі...

Успамінаючы Шпэнглера

У савецкага кінарэжысэра Міхаіла Рома, акрамя славутай дакумэнтальнай стужкі «Звычайны фашызм» быў яшчэ адзін дакумэнтальны фільм, цяпер незаслужана забыты. Праўда, ён яго ня скончыў, і за яго працу над фільмам спрабаваў завершыць рэжысэр Грыгоры Чухрай, які назваў стужку «І ўсё-ткі я веру...» Найбольш каштоўную яе частку, на мой погляд, складае пачатак, які пасьпеў змантажаваць і агучыць сам аўтар. Ром, падсумоўваючы вынікі Першай сусьветнай вайны, у сваім закадравым тэксьце згадвае нямецкага філёзафа Освальда Шпэнглера, аўтара забароненай у Савецкім Саюзе кнігі «Захад Эўропы» (1918—22 г.).

Шпэнглер прадказваў, што праз дваццаць гадоў пачнецца новая ўсясьветная вайна, бо за гэты час у Эўропе вырасьце новае пакаленьне, якое ня зьведала жахаў вайны і якому абавязкова захочацца паваяваць. Філёзафу ня верылі. Ягоныя словы здаваліся анахранізмам. Потым наступіў 1939 год...

Калі я ўспамінаю фільм Рома, дзеля якога зьбягаў з урокаў у кінатэатар «Новости дня» і які нікога не цікавіць сёньня, бо даўно разабраны яго калегамі на кінацытаты, дык адчуваю сябе шкаляром, якія заблукаў у цемры часу.

Засталіся жывыя моманты, – яркія, як фотаўспышка – адбітыя ў шматлікіх кадрах: Праская вясна, маладзёвы бунт у Парыжы, «Бітлз». Тыя кадры паступова зрабіліся свайго роду музэйнымі фотаэкспанатамі за пыльным шклом (я і сам сябе адчуваю такім экспанатам). «За шклом», між іншым, называўся супэрпапулярны раман Рабэра Мэрля, прысьвечаны падзеям у Парыжы 1968-га. Ці хто перачытвае цяпер той бэстсэлер?

А ў Расеі ўжо амаль вырасла новае пакаленьне, якое ні дня не жыло ў Савецкім Саюзе, але якому ўсе апошнія гады ўводзяць у вушы, што распад СССР быў найвялікшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагодзьдзя. А старэйшае савецкае пакаленьне – у большасьці як тыя Бурбоны ў эпоху рэстаўрацыі, якія ні на што не забыліся і нічому не навучыліся.

Астатнім застаецца моўчкі назіраць за новым захадам Эўропы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?