Міністры замежных справаў Эўрасаюзу пагадзіліся распачаць перамовы аб скасаваньні санкцыяў супраць Беларусі, але пры ўмове, што парлямэнцкія выбары 28 верасьня пройдуць у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.
Такі запіс увойдзе ў канчатковую дэклярацыю сёньняшняга саміту ў Брусэлі.
Уступна міністры дамовіліся, што калі парлямэнцкія выбары адбудуцца паводле дэмакратычных стандартаў, з удзелам міжнародных назіральнікаў, тады будзе магчымасьць адмяніць частку санкцыяў, у прыватнасьці, абмежаваньні на ўезд для беларускіх чыноўнікаў на тэрыторыю ЭС.
Падчас саміту была агучаная прапанова, каб асобам, якія не прымалі ўдзелу ў непасрэдным перасьледзе апазыцыі, дазволіць наведваць Эўразьвяз. Польская дэлегацыя прапануе распачаць перамовы аб зьмяншэньні кошту шэнгенскіх візаў для грамадзян Беларусі.
Сустрэча міністраў ЭС паказала, што па пытаньні нармалізацыі палітыкі ЭС у дачыненьні да Беларусі дзяржавы эўрапейскай супольнасьці выказваюцца адзінагалосна. Скептычна да гэтага падыходзіла толькі Галяндыя, але й яна ў выніку вырашыла падтрымаць польскую ініцыятыву.