Праваабаронцам з былога цэнтру «Вясна» людзі перадалі дакумэнт пад назвай «Рашэньне на забеспячэньне аховы правапарадку і дарожнай бясьпекі ў пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня на тэрыторыі Брэсцкай вобласьці выбараў...».

Дакумент пад назвай «Рашэнне на забеспячэнне аховы правапарадку і дарожнай бяспекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення на тэрыторыі Брэсцкай вобласці выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання», зацверджаны начальнікам УУС Брэсцкага аблвыканкама палкоўнікам міліцыі В.Л. Красніченкам і ўзгоднены з начальнікам УКДБ па Брэсцкай вобласці палкоўнікам Л.Н. Дзядковым і пракурорам Брэсцкай вобласці, старэйшым дарадцам юстыцыі С.К. Хмаруком.

З гэтага дакумента, датаванага 7 жніўня 2008 года , стала вядома аб стварэнні на тэрыторыі Брэсцкай вобласці Сітуатыўна‑аператыўнага штаба (САШ) УУС «у мэтах каардынацыі дзеянняў сіл і сродкаў, задзейнічаных на ахову правапарадку ў перыяд правядзення выбарчай кампаніі 2008 года». У гэты штаб увайшлі прадстаўнікі розных структурных падраздзяленняў абласнога УУС.

Акрамя мерапрыемстваў, якія сапраўды з’яўляюцца неабходнымі для забяспечання грамадскага парадку і бяспекі грамадзян у перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, пазначаныя і такія, што выклікаюць вялікую занепакоенасць і пратэст праваабаронцаў.

Паводле дадзенага дакумента, розным структурным падраздзяленням і іх кіраўнікам ставіцца задача на правядзенне наступных мерапрыемстваў:

прыняць:

прэвентыўныя меры па папярэджанні магчымых правакацыйных дзеянняў, нейтралізацыі грамадзян, які выношваюць замыслы сарваць, дэзарганізаваць падрыхтоўку і правядзенне выбараў ці ажыццявіць акцыі па дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, у тым ліку з боку нефармальных моладзевых груповак;

арганізаваць:

працу са спецапаратам, арыентаваўшы яго на выяўленне асобаў, схільных да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, у тым ліку правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў;

арганізаваць:

сваечасовае інфармаванне САШ УУС аб перасоўванні деструктыўна настроеных грамадзян чыгуначным транспартам;

правесці:

працоўныя сустрэчы са старшынямі судоў па пытаннях скарачэння колькасці прымянення да асобаў, якія здзейснілі правапарушэнні, спагнанняў у выглядзе адміністратыўных арыштаў на час правядзення выбараў;

паставіць:

ў абавязкі падраздзяленням дарожна‑патрульнай службы ДАІ адсочванне на маршрутах патрулявання фактаў расклейвання ўлётак, перавозкі друкаваных выданняў, вырабленых з парушэннем устаноўленага заканадаўства, вывешвання сцягоў неўстаноўленай сімволікі і недапушчэнне надпісаў на фасадах будынкаў і збудаванняў, правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў;

арганізаваць кантроль за правядзеннем:

прафілактычных размоваў з паштальёнамі аддзяленняў сувязі, старастамі сельскіх саветаў аб недапушчальнасці правядзення з іх боку незаконнай агітацыі і распаўсюду друкаваных матэрыялаў антыдзяржаўнага зместу, сваечасовага інфармавання праваахоўных органаў пры выяўленні грамадзян, якія займаюцца антыдзяржаўнай агітацыяй і заклікаюць да байкоту выбараў;

арганізаваць узаемадзеянне

з УКДБ Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці і тэрытарыяльнымі аддзеламі на перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў – па пытаннях кантролю за перамяшчэннем і знаходжаннем замежных грамадзян, аператыўнага кантролю за лідэрамі дэструктыўных сіл, асобамі, які задумваюць тэрарыстычныя акты;

забяспечыць:

сваечасовае адсочванне і прадстаўленне па факсу ў САШ УУС негатыўнай інфармацыі, надрукаванай у сродках масавай інфармацыі, якая датычыцца падрыхтоўкі і правядзення выбараў.

Зыходзячы з аналізу дадзенага дакумента, праваабаронцы прыходзяць да наступных высноваў:

‑‑ перад сілавымі ведамствамі краіны ў чарговы раз ставіцца задача аб адсочванні і правядзенні аператыўна‑вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыйных рухаў і партыяў;

‑‑ рыхтуюцца прэвентыўныя арышты прадстаўнікоў апазіцыйных рухаў, асабліва моладзевых арганізацыяй, на пярэдадні і падчас правядзення выбараў;

‑‑ рыхтуюцца арышты грамадзян у сувязі з іх удзелам у магчымых мірных акцыях пратэсту.

Улічваючы вопыт папярэдніх выбарчых кампаній 2006 і 2007 гг., калі прэвентыўныя незаконныя арышты актывістаў апазіцыі насілі масавы характар, Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказвае сваю сур’ёзную занепакоенасць магчымасцю паўтарэння падобнага сцэнара і падчас бягучай выбарчай кампаніі.

Праваабаронцы нагадваюць лукашэнкаўцам, што паводле закону выбары ў краіне павінны адбывацца выключна ў межах дзеючага заканадаўства, адкрыта і галосна, у атмасферы даверу. Усялікія «нейтралізацыі», прэвентыўныя арышты і таму падобныя дзеянні носяць незаконны характар і будуць расцэньвацца як факты грубага парушэння правоў чалавека.

Праваабронцы абяцаюць, што аб усіх фактах парушэння правоў чалавека будуць інфармаваць міжнародную супольнасць, у тым ліку міжнародныя назіральныя місіі АБСЕ і СНД, а таксама беларускую грамадскасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?