Новую сінагогу ўпершыню за сто гадоў адкрылі ў Віцебску, перадае БЕЛТА.

У імпрэзе акрамя членаў юдэйскай рэлігійнай супольнасці Віцебска ўзялі ўдзел прадстаўнікі абласных і гарадскіх уладаў, праваслаўнай і каталіцкай царквы, госці з іншых гарадоў і краін, мясцовыя жыхары.

Кіраўнік юдэйскай рэлігійнай супольнасці Віцебска Леанід Томчын адзначыў, што яны доўга чакалі гэтага дня. «Наша старая сінагога размяшчалася ў прыстасаваным будынку, і мы ўжо перасталі туды змяшчацца. Новая ж будавалася па ўсіх законах і канонах, — падкрэсліў ён. — Сёння вельмі важны дзень. І вялікая колькасць людзей, якія прыйшлі на адкрыццё, - таму пацверджанне. Віцебск — гэта гістарычна яўрэйскі горад. У пачатку мінулага стагоддзя больш за палову насельніцтва складалі яўрэі, 100 гадоў таму ў Віцебску было 64 сінагогі. Сёння толькі адна, на жаль. Але нават гэтая адна сінагога можа стаць цэнтрам яўрэйскага жыцця. І мы ўпэўненыя, што так і будзе».

Як распавёў архітэктар Аляксей Федарыстаў, унутры сінагогі 12 светлых прыступак уверх, рэпрадукцыі вітражоў Марка Шагала, якія знаходзяцца ў Ізраілі («Дванаццаць каленаў Ізраілевых»). Сінагога пабудаваная па ўсіх канонах, там ёсць міква (басейн для рытуальных абмыванняў). У Беларусі іх не так шмат. Дажджавая вада збіраецца з даху і паступае непасрэдна ў мікву.

Тыя, хто прыйшоў на адкрыццё, змог патрапіць унутр збудавання і ўбачыць усе сваімі вачыма: прасторны круглы хол са шкляным купалам, затым малельная зала, разлічаная на 80-85 чалавек, са зручнай мэбляй. Для жанчын зладжаны адмысловы балкон (па традыцыі жанчыны моляцца асобна ад мужчын). Ва ўсходнюю сцяну ўмантаваныя камяні з Ерусаліма, якія сімвалізуюць Сцяну Плачу. Ёсць вучэбны клас. У адным з памяшканняў у далейшым плануецца зрабіць Музей яўрэйскага жыцця Віцебска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0