17:57 На Кастрычніцкай плошчы сабралася каля 40-50 чалавек. Прыйшлі амаль усе лідэры палітычных партый.

У акцыі бяруць удзел Анатоль Лябедзька, Аляксандар Бухвостаў, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Ігар Рынкевіч, Зінаіда Ганчар, Сяргей Калякін, Міхаіл Пашкевіч, Вольга Казуліна (ейны бацька зараз у Брусэлі, таму ня змог прыйсьці на акцыю) ды іншыя.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч па традыцыі трымае ў руках два сьцягі.

Удзельнікі акцыі трымаюць у руках партрэты зьніклых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў (Ганчара, Захаранкі, Красоўскага, Завадзкага). Акурат дзевяць гадоў таму, 16 верасьня 1999 г., у Менску зьніклі бязь вестак Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.

На плошчу прыйшла жонка Віктара Ганчара, сп. Зінаіда. Нагадаем, што тыдзень таму памерла 87-гадовая маці бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

18:02

Людзі шыхтуюцца зараз у шэраг ля праезнай часткі.

18:05

АМАПаўцы абкружылі частку ўдзельнікаў акцыі і пачалі жорстка душыць Лябедзьку, Вячорку, Воўчака, Баршчэўскага, Рынкевіча, Вольгу Казуліну.
Тыя супраціўляюцца.

Іх выштурхоўваюць за Палац рэспублікі.

Наагул спэцназаўцаў разы ў два-тры больш, чым удзельнікаў акцыі. Яны матывуюць свае дзеяньні тым, што нібыта ўдзельнікі акцыі памяці адцягваюць увагу грамадзкага транспарту, што едзе праспэктам.

Здаецца, амапаўцы выштурхнуўшы завадатараў акцыі, супакоіліся і адпусьцілі тых.

18:16 Каля дваццаці чалавек, аточаныя АМАПам, пачынаюць рух у бок вуліцы Няміга.

Сярод удзельнікаў акцыі таксама Андрэй Кім, Франак Вячорка.

Віктар Івашкевіч кажа: «Ня бойцеся, чапаць ня будуць. Так пройдуць і выбары. Усё таксама будзе ачэплена спэцназам, вонкава - страх, а ўнутры - спакойна і бясьпечна».

18:24 За Палацам рэспублікі мірна стаяць два аўтазакі, старанна робячы выгляд, што яны прывезьлі турыстаў у Палац.

Удзельнікаў акцыі правялі міма аўтазакаў і цяпер суправаджаюць вуліцай Інтэрнацыянальнай у бок Купалы-стрыт.

18:40 На рагу Купалы і Інтэрнацыяльнай адбылася бойка паміж удзельнікамі акцыі і спэцназам. Зьбілі Анатоля Лябедзьку, павалілі на зямлю і аддубасілі Франка Вячорку, павалілі і ўдарылі жанчыну са сьцягам.

18:42 АМАП працягвае праводзіць экскурсію па горадзе. Цяпер удзельнікаў акцыі давялі да будынку Белэкспа, што на Купалы.

Акцыя скончылася ля дома на вуліцы Старажоўскай, ля дому, дзе жыве сям'я Казуліных. Менавіта туды прывяла міліцыя ўдзельнікаў мерапрыемства.

Затрыманых няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?