Упершыню беларускі клюб возьме ўдзел у групавым турніры Лігі чэмпіёнаў. Зьдзейсьніліся мары айчынных заўзятараў футболу, якія чакалі гэтага дня 17 гадоў.
Сёньня БАТЭ выйдзе на поле «Санцьяга Бэрнабэў», каб супрацьстаяць у афіцыйнай – не таварыскай! – гульні самім «галакіцкас» – мадрыдзкаму «Рэалу».
Пачатак трансьляцыі на БТ у 21:40.
Агляд гульнявога дня а 00:10, а ў 01:25 БТ пакажа ў запісе матч Ювэнтус – Зеніт. Гэта нашыя супернікі па групе.
***
Пару гадоў таму зьявіўся анекдот. «Што робіць беларускі заўзятар, калі яго клюб выйграе (або прайграе) у Лізе чэмпіёнаў. Адказ: выключае Play station – і ідзе спаць». Цяпер гэты анекдот не актуальны.
Не актуальны ў тым ліку і таму, што матчы аўторка наглядна паказалі БАТЭ, што трэба ня толькі не баяцца фаварытаў, але можна без праблем іх перамагаць.
Такі ж навічок Лігі чэмпіёнаў, румынскі ЧФР (з гораду Клуж) абыграў у гасьцях, на Стадыё Алімпіко «Рому» 2:1.
Прычым румыны прайгравалі 0:1, але атрымалі валявую перамогу. Лік мог быць і большым, але за рымлянаў аднойчы заступілася бэлька варот, мужна прыняўшы на сябе магутны ўдар ад лініі штрафной.
Другая сэнсацыя грымнула ў Брэмэне,дзе кіпрскі «Анартосіс», месцам прапіскі якога лічыцца горад Фамагуста (клюб базуецца ў Нікасіі, паколькі Фамагуста знаходзіцца на тэрыторыі турэцкага Кіпру), выстаяў у матчы супраць «Вэрдэру».
Героем матчу стаў галкіпэр кіпрыётаў албанец Бэкай. «Анартосіс», які ўзначальвае знакаміты грузінскі трэнер Тімур Кецбая (ён тры гады таму прывозіў "Анартосіс" у Менск - кіпрыёты перамаглі тады "Дынама"), захаваў вароты на замку. 0:0.
***
Іншыя вынікі:
Барсэлёна – Спортынг – 3:1,
Базэль – Шахцёр (Данецк) – 1:2.
Турнірнае становішча: Барсэлёна, Шахцёр -- па 3, Базэль, Спортынг -- па 0.
У наступным туры ў Данецк завітае «Барса». Гэты матч адбудзецца 1 кастрычніка.
***
Чэлсі – Бардо – 4:0,
Турнірнае становішча: Чэлсі, ЧФР (Клуж) -- па 3, Рома, Бардо -- па 0.
***
Панацінаікас – Інтэр – 0:2,
Турнірнае становішча: Інтэр -- 3, Вэрдэр, Анартосіс -- па 1, Панацінаікас -- 0.
ПСВ – Атлетыка Мадрыд – 0:3,
Марсэль – Лівэрпуль – 1:2.
Турнірнае становішча: Атлетыка, Лівэрпуль -- па 3, Марсэль, ПСВ -- па 0.
Як бачым, у пяці з васьмі матчаў перамаглі госьці: Лівэрпуль, Атлетыка, Інтэр, ЧФР, Шахцёр. Так што паняцьце госьці / гаспадары вельмі ўмоўнае цяпер.
***
Сёньня ж таксама гуляюцьСэлтык -- Ольбарг, Манчэстар Юнайтэд -- Вільярэал; Алімпік Ліён -- Фіярэнціна, Сьцяўа -- Баварыя;
цікавы матч пройдзе ў Кіеве. Мясцовае "Дынама" згуляе з лонданскім "Арсэналам". У гэтай групе "Порту" згуляе з "Фенербахчэ".