Дзяржаўны дэпартамент ЗША заявіў, што Каталонія з'яўляецца неад'емнай часткай Іспаніі, паведамляе ВВС.

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць канстытуцыйныя меры іспанскага ўрада, накіраваныя на тое, каб Іспанія заставалася моцнай і адзінай», — заявіла прэс-сакратар Дзярждэпартамента Хезер Ноэрт.

Старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск заявіў, што Іспанія «застаецца адзіным суразмоўцам» для ЕС.

«Для ЕС нічога не змянілася. Іспанія застаецца нашым адзіным суразмоўцам. Я спадзяюся, што іспанскі ўрад аддасць перавагу сіле аргументаў, а не сіле як аргументу», — напісаў Туск у твітары.

Германія не прызнае аднабаковае абвяшчэнне незалежнасці Каталоніі, паведаміў прэс-сакратар урада ФРГ Штэфен Зіберт. Ён заклікаў Мадрыд і Барселону да дыялогу.

«Федэральны ўрад не прызнае такую дэкларацыю незалежнасці, — заявіў Зіберт. — Суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць Іспаніі з'яўляюцца і заўсёды будуць недатыкальнымі».

«Мы спадзяёмся, што залучаныя бакі выкарыстоўваюць усе наяўныя магчымасці для дыялогу і зніжэння напружанасці», - дадаў ён.

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін выказаў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Іспаніі.

«Украіна падтрымлівае дзяржаўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Іспаніі ўнутры яе міжнародна прызнаных межаў», - напісаў ён у сваім твітары.

У іншым паведамленні ён адзначыў, што Украіна падтрымлівае меры іспанскага ўрада па вырашэнні крызісу ў адпаведнасці з канстытуцыяй, прыхільнасцю закону і павагай да правоў усіх грамадзян».

Услед за іншымі еўрапейскімі краінамі аб непрызнанні незалежнасці Каталоніі заявіла Вялікабрытанія.

«Злучанае Каралеўства не прызнаé і не прызнáе дэкларацыю незалежнасці, абвешчаную рэгіянальным парламентам Каталоніі. Яна заснаваная на галасаванні, прызнаным нелегальным іспанскім судом. Мы хацелі б і ў далейшым бачыць вяршэнства закона, павагу іспанскай канстытуцыі і захаванне цэласнасці Іспаніі», — гаворыцца ў заяве брытанскага ўрада.

Жан-Клод Юнкер заявіў аб неабходнасці прадухіліць падзел дзяржаў Еўрасаюза.

«Я не хачу заўтра аказацца ў сітуацыі, калі ЕС складаецца з 95 розных дзяржаў. Нам трэба пазбегнуць раздробненасці, у нас і так іх дастаткова», — заявіў старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, які знаходзіцца ў Французскай Гвінеі разам з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.

Эмануэль Макрон заявіў аб сваёй поўнай падтрымцы Мар'яна Рахоя.

«Я заўсёды казаў, што ў мяне адзін суразмоўца ў Іспаніі. Гэта прэм'ер Мар'яна Рахой, — сказаў Макрон. — У Іспаніі дзейнічаюць законы, палажэнні канстытуцыі. Рахой хоча, каб гэтыя законы паважаліся, і я яго цалкам падтрымліваю».

Адзін з нешматлікіх галасоў, якія выказаліся ў падтрымку незалежнасці Каталоніі, прагучаў з Шатландыі.

«Мы разумеем і паважаем пазіцыю каталонскага ўрада. Хоць у Іспаніі ёсць права выступаць супраць незалежнасці, народ Каталоніі павінен мець магчымасць вырашаць сваю ўласную будучыню», — заявіла міністр па справах культуры, турызму і знешніх сувязяў ва ўрадзе Шатландыі Фіёна Хіслап.

«Сённяшняе абвяшчэнне незалежнасці здарылася толькі пасля таго, як пастаянныя заклікі да дыялогу былі адпрэчаныя. Цяпер, больш чым калі-небудзь, прыярытэтам для тых, хто лічыць сябе сябрамі і саюзнікамі Іспаніі, павінна быць заахвочванне працэсу дыялогу, каб знайсці выхад, які паважае дэмакратыю і вяршэнства права. Увядзенне прамога праўлення не можа быць рашэннем і павінна стаць прычынай для турботы ўсім дэмакратам. У ЕС ёсць палітычны і маральны абавязак падтрымліваць дыялог для выяўлення таго, як можна вырашыць сітуацыю мірна і дэмакратычна», — дадала яна.

Дарэчы, ні Крэмль, ні МЗС Расіі пакуль ніяк не пракаментавалі абвяшчэнне незалежнасці Каталоніяй. Трэба дадаць, што расійскія дзяржаўныя СМІ з сімпатыяй выказваліся пра імкненні Каталоніі да незалежнасці і параўноўвалі сітуацыю з Крымам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?