«Ніхто ніколі не даведаецца пра Каталонію як пра незалежную краіну». Такую заяву зрабіў кіраўнік Еўрапарламента Антоніа Таяні. Ён назваў рэферэндум у рэгіёне незаконным, а пераадоленне яго наступстваў - унутраным пытаннем Іспаніі, а не міжнароднай праблемай. Пра гэта піша Associated Press.

Старшыня Еўрапарламента назваў «правільнай справай» адхіленне ад сваіх пасадаў лідараў Каталоніі і прызначэнне новых выбараў у парламент рэгіёна. Паводле слоў Антоніа Таяні, выбары дазволяць каталонцам «вырашыць, які ўрад яны хочуць мець. Усё павінна адбывацца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Іспаніі».

Новыя выбары прызначаныя на 21 снежня.

Еўропа спадзяецца, дадаў Таяні, што дыялог можа дапамагчы вырашыць «складаную сітуацыю», але «гэта не азначае, што Еўрапейскі Саюз можа выступаць пасярэднікам».

Германія, Вялікабрытанія, Францыя і некалькі іншых краін ужо адмовіліся прызнаць незалежнасць Каталоніі. На думку еўрапейскіх лідараў, Іспанія павінна заставацца адзінай.

Былы каталонскі лідар Карлес Пучдэмон, які пазбавіўся сваёй пасады, у суботу заклікаў каталонцаў да мірнага супраціву захопу Іспаніі.

Напярэдадні іспанскі ўрад пазбавіў Каталонію аўтаноміі. Кіраўніком рэгіёна была прызначаная першы віцэ-прэм'ер Іспаніі Сарая Саэнс дэ Сантамарыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0