Рэпарцёр «Нашай Нівы» два вечары правёў у кулуарах Кастрычніцкага эканамічнага форума — гэта такая фабрыка ідэй і абмену думкамі, якую арганізоўвае Даследчы цэнтр ІПМ пры ўдзеле Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC і Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus.

KEF-2017 наведалі топ-чыноўнікі з розных міністэрстваў і парламентарыі, хэдлайнерам стаў старшыня Нацбанка Павел Калаўр.

фота Myfin.by

фота Myfin.by

Але мы вырашылі не пісаць класічны рэпартаж з наборам графікаў і тэрмінаў, а толькі тэзісна пералічыць тыя цікавыя высновы, якія вынеслі у размовах з чыноўнікамі і бізнэсоўцамі.

Пра біткойн: 

Дробныя банкі адамруць, а вось блокчэйн будзе жыць. Праўда, яго няма як рэгуляваць. Няма нават уцямнага канчатковага разумення, як гэта працуе. Вось з курсамі валют усё зразумела, а электронную цану чаго ўяўляе біткойн са сваім адвольным курсам? Аднак усё ж за сістэмай блокчэйна будучыня, а разуменне рана ці позна сістэматызуецца. 

Пра іпатэку: 

Іпатэкі ў Беларусі ў бліжэйшай перспектыве не будзе. Для яе функцыянавання патрэбна ўпэўненасць у доўгатэрміновай стабільнасці эканомікі, да таго ж дзяржава і так зрабіла памылку з ільготным крэдытаваннем, беручы на сябе вялікія рызыкі, адначасова здымаючы іх з банкаў і грамадзян.

На гэты момант дзяржава не можа дазволіць сабе зноў браць усе рызыкі на сябе, таму нават ільготнае крэдытаванне скарочанае, замест гэтага ўведзеная сістэма субсідый. Была ідэя рэалізаваць сістэму назапашванняў, але на дзяржаўным узроўні ад яе адмовіліся, бо існуючыя аналагічныя практыкі прыватных банкаў не карыстаюцца попытам. 

Пра «пункты росту»: 

Сама пастаноўка пытання пра «кропкі росту эканомікі» няслушная, бо гэта лексіка часоў пераходу ад аграрнага да індустрыяльнага грамадства. Тады было зразумела, напрыклад, што трэба інвеставаць у чыгунку і выкапні, а асфальтавыя дарогі пакінуць на будучыню. Сённяшняе развіццё свету дазваляе не звужаць эканамічны калідор, а развіваць шмат кірункаў адразу, не ствараючы штучных эканамічных ідалаў. 

Пра рэформы:

Рэтраградскі блок чынавенства трымаецца думкі, што рэформы спыняць рост эканомікі, які толькі-толькі аднавіўся. А значыцца, па іх меркаванні, рэформы не патрэбныя.

Неразуменне гэтай логікі прымушае міжнародныя фонды думаць рознае пра ступень аналітычных здольнасцяў асобных беларускіх чыноўнікаў.

Аднак у любым выпадку ў краіне відавочны крызіс менеджараў, на высокія заробкі катастрафічна бракуе кваліфікаваных кадраў. 

Пра рынак: 

Да чыстага рынку Беларусь прыйдзе няхутка. Рэформы ўпіраюцца ў кваліфікацыю кадраў. Шокавы пераход да рынку абернецца катастрофай нават пры абсалютнай палітычнай волі Аляксандра Лукашэнкі, бо вялікая частка працаздольнага насельніцтва стане неканкурэнтаздольнай ва ўмовах рынку. Закрыццё нізкарэнтабельных альбо стратных прадпрыемстваў адправіць работнікаў на сацыяльнае дно, а яны пацягнуць за сабой астатніх. У прыватнасці, нізкі ўзровень самасвядомасці (у тым ліку) дазволіць трэцім сілам ствараць з беспрацоўных мас рычагі палітычнага ўплыву. Каб хутчэй прыйсці да рынку, людзям трэба заняцца самаадукацыяй, спадзявацца на сябе, а не на дзяржаву. Вучыць замежныя мовы і атрымліваць новыя веды, каб стаць канкурэнтназдольнымі. 

Гэтае замкнёнае кола са слабымі работнікамі будзе цягнуцца роўна да тых часоў, пакуль нашая сістэма адукацыі будзе працаваць па мадэлях XX стагоддзя з яго індустрыяльным грамадствам. Гэта значыць, калі школа рыхтуе да паступлення ў ВНУ ці ПТВ, а там ужо рыхтуюць да працы на заводах, якія сёння не могуць прадаць сваю прадукцыю і трымаюцца на датацыях.

Такім чынам мы ад самага пачатку кадзіруем людзей ад рынку і багацця. Але ў гістарычнай перспектыве рынку няма альтэрнатывы.

Што з гэтага вынікае?

Рэтраграды павінны разумець, што ёсць рэформы, якія не забіваюць рост. Больш за тое — наўпрост спрыяюць эканоміцы.

Гэта рэформы адукацыі, судовай практыкі, заканадаўства і многія іншыя.

Як прыклад — паслабленне ўмоваў для бізнэсу не нясе рызык эканоміцы, а практыкі, калі эканамічныя суды прымаюць самыя жорсткія з магчымых рашэнняў у дачыненне да прыватніка, у сярэдняй і доўгатэрміновай перспектыве прыносяць больш шкоды, чым карысці. Пакуль што Беларусі трэба як мінімум больш імкліва праводзіць менавіта ўскосныя рэформы.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?