Кіраўнік урада Каталоніі, якая абвесціла незалежнасць насуперак забароне іспанскага кіраўніцтва, здаўся паліцыі Бельгіі. Пра гэта паведамляе каталонскі партал Ara.

8 міністраў урада Каталоніі і кіраўніцтва найбольшых незалежніцкіх НДА краіны былі арыштаваныя іспанскімі ўладамі. Кіраўнік жэнэралітэта (урада) Карлес Пудждэмон і яшчэ 4 міністры паспелі выехаць з краіны да затрыманняў.

Яны накіраваліся ў Бельгію, каб там лабіраваць справу незалежнасці перад еўраструктурамі. Апроч таго, яны маглі разлічваць на палітычны прытулак у гэтай краіне.

Бельгія — адзіная з краін Еўрасаюза, якая надае прыстанішча выхадцам з іншых краін ЕС, калі тыя дакажуць факт палітычнага пераследу. Гэта таксама краіна, дзе каталонцы карыстаюцца вялікай сімпатыяй з боку фламандскага насельніцтва, якое само хоча вылучэння ў асобную дзяржаву.

У нядзелю Пудждэмон і ягоныя міністры здаліся бельгійскай паліцыі. Іх лёс будзе вырашаць суд у панядзелак.

Тым часам апытанні грамадскай думкі ў Каталоніі паказалі, што хаўрус незалежніцкіх партый правага і левага кірункаў ізноў здабудзе большасць на выбарах у самакіраванне, абвешчаных пасля роспуску дзейнага парламента і ўрада аўтаноміі Мадрыдам.

Як выявілі сацыёлагі, кааліцыю Пудждэмона падтрымлівае прыкладна 46% выбарцаў. У яе ўваходзяць ліберальна-кансерватыўная Дэмакратычная партыя Каталоніі самога Пудждэмона, Рэспубліканская левая партыя на чале з намеснікам Пудждэмона, які знаходзіцца ў ліку арыштаваных, а таксама радыкальная лявіца.

За тры праіспанскія партыі гатовыя прагаласаваць 43%. У іх лік уваходзяць Народная партыя дзейнага прэм'ера Іспаніі Рахоя, Сацыялістычная партыя, ліберальныя «Грамадзяне».

Інфаграфіка каталонскай газеты «Ла вангуардыя».

Інфаграфіка каталонскай газеты «Ла вангуардыя».

Можна меркаваць, што пасля выбараў Каталонія працягне курс на аддзяленне ад Іспаніі, нягледзячы на рэпрэсіі Мадрыда і халоднае стаўленне Еўрасаюза і ЗША.

54-гадовы Карлес Пудждэмон — журналіст, які пайшоў у палітыку. Ён вырас у сям'і патомных пекараў, у якой ўсяго было 8 дзяцей. Дзед Пудждэмона, у гонар якога атрымаў сваё імя Карлес, удзельнічаў у вайне супраць франкістаў і загінуў на эміграцыі. Сам Пудждэмон скончыў факультэт каталонскай філалогіі. У прэсу стаў пісаць з 16 гадоў, пачаўшы са спартовых рэпартажаў. У прафесійную палітыку ён перайшоў ад 2011 года. Стаў першым кіраўніком Каталоніі, які адмовіўся прысягаць каралю Іспаніі.

Цікава, што Пудждэмон жанаты з румынкай і вянчаўся з ёй па праваслаўным абрадзе.

Пудждэмон мае 560 тысяч падпісчыкаў у Твітары. Сваё апошняе паведамленне ў ім перад здачай паліцыі ён пакінуў па-фламандску:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0