Новы паварот у інтэлектуальнай палеміцы ў суседняй Літве. Пісьменніца Рута Ванагайце папрасіла прабачэння за свае выказванні на адрас кіраўніка літоўскіх «лясных братоў» Адалфаса Раманаўскаса-Ванагаса.
Раманаўскас-Ванагас (Ванагас па-літоўску значыць ястраб) у Літве шануецца як герой і як пакутнік. Настаўнік Раманаўскас не прызнаў акупацыі Літвы саветамі. Калі рускія паспрабавалі прымусіць яго працаваць на іх, ён сышоў у партызаны. Ён вырас у кіраўнікі падполля Паўднёвай Літвы і пратрымаўся да 1956 года.
Пры арышце саветы дзіка катавалі яго. У бальніцу яго даставілі з выбраным вокам і адрэзанымі яйцамі. Тым не менш, у афіцыйных паперах гэта праходзіла як «спроба самагубства».
Менавіта заява, што Раманаўскас ніякі не герой, а чалавек, датычны да Халакосту, агент КГБ і самагубца-неўдах, выклікала вялікае абурэнне ў Літве. Экс-кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс прапанаваў Ванагайце пайсці ў лес і пакаяцца. А выдавецтва літаратаркі вырашыла адмовіцца ад супрацы з ёй і знішчыць тыражы.
Гісторыкі з дакументамі на руках даказалі, што няма ніякіх доказаў саўдзелу Раманаўскаса ў генацыдзе, што ён нічога не выдаў КГБ як агент і што пры спробе самагубства чалавек не рэжа сам сабе палавых органаў.
Ванагайце зрабіла сабе імя на выкрыцці суўдзелу літоўцаў, у тым ліку і будучых «лясных братоў», у вынішчэнні яўрэяў. Аднак яе кнігі і стыль яе выступаў шмат каго ў Літве раздражняе.
Пасля скандалу вакол Раманаўскаса-Ванагаса пісьменніца выступіла з пакаяльнай заявай.
«Я не хацела скандалу. Не хацела прычыніць боль дачцэ партызанскага камандзіра і памяці яе бацькі. Яна пацярпела больш, чым можна сабе ўявіць. Я не хацела страціць свой спакой і спакой маёй сям’і. Не хацела страціць усе мае кнігі. Страціла, — перакладае яе заяву Радыё «Свабода». — Узрушылі мяне і факты, якія сёння ў сваім інтэрв'ю адкрыў грамадскасці гісторык Д.Юодзіс, які дэтальна даследаваў дакументы. Я сапраўды пра іх не ведала: ні пра дачыненні партызанскага камандзіра з КГБ і ягоныя матывы, ні пра жахлівыя і працяглыя яго катаванні. Сёньня я адкрыта прызнаю, што выказанае мною меркаванне пра тое, што Адалфас Раманаўскас-Ванагас не быў катаваны, а нанёс сабе пашкоджанні сам, было цалкам памылковае, яно грунтавалася на зафіксаванай у справах хлусьні, мэтай якое было схаваць сляды катаванняў.
Я вельмі шкадую з прычыны сваіх паспешлівых і пыхлівых каментароў у публічнай прасторы», — заявіла Ванагайце.