9 лістапада ў Вільні на будынку, у якім 110 год таму месцілася рэдакцыя газеты «Наша Ніва», адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця мемарыяльнай шыльды ў гонар народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на пасольства Беларусі ў Літве.
Фота Аляксея Патрыка, «Радыё Свабода»
Мемарыяльная шыльда з надпісам на літоўскай і беларускай мовах «У гэтым будынку ў 1907 годзе жыў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас» будзе адкрытая на будынку на скрыжаванні вуліц Trakų (Троцкай) і Pylimo (Завальнай).
Будынак са статуямі атлантаў, вядомы яшчэ з XV стагоддзя, належаў графам Тышкевічам. Яўстах Тышкевіч, стваральнік Лагойскага і Віленскага музеяў старажытнасцяў, захоўваў тут частку сваіх археалагічных збораў.
Раней у гэтым будынку дзейнічаў акруговы суд, дзе з 1884 да 1898 году працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч. А яшчэ раней там збіраліся паўстанцы Кастуся Каліноўскага.
З траўня 1907 да вясны 1908 году тут месцілася рэдакцыя «першай беларускай газеты з рысункамі» — «Нашай Нівы». У памяшканні рэдакцыі жыў і працаваў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас).