Да дня галасавання застаецца каля тыдня, а апазіцыя ўсё ніяк не можа вызначыцца са сваімі далейшымі паводзінамі падчас выбараў у палату прадстаўнікоў. Складваецца ўражанне, што нават вядомыя апаненты дзейнай улады хочуць, каб выбарчая кампанія скончылася як мага хутчэй.

Пакуль нават у Мінску ні я, ні мае знаёмыя на свае вочы не бачылі ніводнай улёткі з агітацыяй за ўдзел у выбарах альбо супраць. Спецыяльных выпускаў газет апазіцыйнай накіраванасці, прысвечаных выбарам, таксама пакуль няма.

Чаму так адбываецца? Ці 14 гадоў суцэльных паразаў апазіцыі зрабілі сваю чорную справу? Ці ўлада зноў ужывае татальны ціск у адносінах да сваіх апанентаў і прапаноўвае гульню без правілаў?

Кандыдат у дэпутаты ў Кобрынскай выбарчай акрузе № 12 ад Беларускага народнага фронту Аляксандр Мех лічыць, што ў Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) на дадзены момант не хапае сіл і сродкаў, каб эфектыўна супрацьстаяць уладам:

– На вялікі жаль, не мы кіруем выбарчым працэсам. Калі шчыра, то ён уяўляе сабой шахматную дошку, фігуркі на якой штурхаюць туды-сюды ўлады. Таму склалася такая сітуацыя, калі і байкот гэтых выбараў, і далейшы ўдзел у іх выглядаюць пройгрышнымі.

Праўда, сам Мех, як і яго некаторыя калегі ў рэгіёнах праводзяць, па прызнанні экспертаў і незалежных назіральнікаў, які ні дзіўна, даволі моцныя, цікавыя і эфектыўныя выбарчыя кампаніі.

Між іншым, сам Аляксандр Мех застаўся без працы. Толькі за жаданне ўдзельнічаць ў парламенцкіх выбарах-2008 яго “папрасілі” з Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў “Белтрансгаза”.

І тым не менш, Аляксандр здолеў сабраць 4085 галасоў на сваю карысць, ён праводзіць шматлікія сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі, нягледзячы на супраціў уладаў. Яго нават не пусцілі 5 верасня на сустрэчу з калектывам яго былога роднага прадпрыемства – Кобрынскага УМГ. Разам з тым, паводле папярэдніх сацыялагічных апытанняў, якія праводзіць час ад часу каманда Меха, за яго гатовы прагаласаваць да 70 адсоткаў выбаршчыкаў!

Адкуль што бярэцца? Сам Мех лічыць, што поспех прыходзіць толькі ў тым выпадку, калі справай займаешся прафесійна: “У мяне ёсць юрыдычная група з 4 чалавек, якая займаецца ўсімі прававымі пытаннямі, якіх, канечне, падчас гэтай кампаніі хапае; інфармацыйная група, якая забяспечвае маіх выбаршчыкаў прапагандысцкай прадукцыяй; арганізацыйная група, якая, зразумела, адказвае за ўсе арганізацыйныя пытанні”.

“Мне вельмі шкада будзе здымацца з выбарчага марафону, калі кіраўніцтва БНФ прыме адпаведнае рашэнне, –

прызнаецца Аляксандр Мех, – трэба ж ужо цяпер думаць пра будучыя грамадска-палітычныя кампаніі. Але, разам з тым, я выдатна разумею, што цяперашнія выбары ўжо можна прызнаць несумленнымі, і іх вынік па сутнасці прадвызначаны. Да таго ж, як ні абяцалі ўлады зрабіць іх больш справядлівымі і празрыстымі, усё атрымалася (прынамсі, у дачыненні да мяне) наадварот. Калі падчас мінулай парламенцкай кампаніі ў 2004 годзе мяне толькі пагражалі звольніць з працы, дык цяпер звольнілі. Адзінае адрозненне – тады былі адміністратыўныя арышты, а цяпер іх пакуль няма. Але гэта не вызначальна”.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што не ўсе паплечнікі Меха ў партыі і АДС цалкам падзяляюць ягоны пункт гледжання.

Кандыдат у дэпутаты ў Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №50 ад БНФ Сяргей Антусевіч заявіў карэспандэнту нашай газеты, што мае намер ісці да канца ў парламенцкіх выбарах нават пад пагрозай магчымага выключэння з шэрагаў партыі:

– Каэфіцыент карыснага дзеяння майго ўдзелу ў гэтай кампаніі ўжо досыць вялікі. Можна канстатаваць, што сітуацыя на месцах змянілася ў лепшы для нас бок. Пасля інфармацыйна-агітацыйнай кампаніі, праведзенай маёй камандай, адна актывістка-лукашыстка, якая ўсе папярэднія выбарчыя кампаніі агітавала супраць мяне, пры асабістай сустрэчы заявіла літаральна наступнае: “Калі бы вы былі не з БНФ, які выступае за ўступленне Беларусі ў НАТО, я б за вас галасавала на гэтых выбарах”.

Што ўжо казаць пра іншыя катэгорыі насельніцтва... Так, і цяпер улады ўжываюць забароненыя прыёмы барацьбы. Напрыклад, настаўнікі ў школах раздаюць улёткі майго асноўнага канкурэнта – былога рэктара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргея Маскевіча. Але цяпер гэтых прыёмчыкаў нашмат меней. Гэта адна з прычын таго, што я не буду здымаць сваю кандыдатуру перад галасаваннем. Да таго ж, людзі ў нас паверылі, і іх нельга пазбаўляць гэтай веры. Як нельга адмаўляцца ад маніторынгу магчымых парушэнняў падчас самай важнай часткі гэтых выбараў – галасавання.

Сярод забароненых сродкаў барацьбы супраць гарадзенскай апазіцыі (у тым ліку, і Антусевіча) ёсць і наступны. На папулярным інтэрнэт-партале “Гарадзенскі форум” быў размешчаны ананімны артыкул пра тое, як вядомыя мясцовыя апазіцыянеры шыкуюць на заходнія сродкі, будуюць элітнае жыллё, купляюць дарагія аўтамабілі і г.д. Сам Антусевіч падае падатковую дэкларацыю з 2000 году. Таму над гэтай дэзай проста пасмяяўся. Другі апазіцыянер, закрануты ў тым матэрыяле, – Юры Істомін, начальнік выбарчага штабу Яраслава Раманчука, які балатуецца ў 51-й Гарадзенска-Паўночнай выбарчай акрузе ад АГП, выставіў на форуме абвяржэнне. Ён лічыць, што на гэтым “бякі” ў адрас іх каманды з боку ўладаў скончацца:

– Мы настроеныя толькі на перамогу ў гэтай выбарчай кампаніі! Нічога дрэннага пакуль на адрас акруговай выбарчай камісіі сказаць не магу. На днях яна дазволіла праводзіць пікеты. Агітацыйная кампанія таксама праходзіць без усялякіх парушэнняў. Чаму б гэтым не скарыстацца ў поўным аб’ёме і не ўдзельнічаць непасрэдна ў галасаванні?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?