Гродзенец Вадзім Фралоў скарыў самы высокі пункт Аўстраліі і Акіяніі - піраміду Карстэнс і паставіў там сцяг Беларусі, паведамляе БелТА са спасылкай на АНТ.
На рахунку Вадзіма Фралова гэта ўжо чацвёрты пік з галоўнай праграмы альпіністаў «Сем вяршыняў» - заваяванне найвышэйшых кропак усіх шасці кантынентаў.
Піраміда Карстэнс - самая экзатычная вяршыня Аўстраліі і Акіяніі. Здзяйсняць узыходжанне групе, у складзе якой быў беларус, прыйшлося ў вельмі небяспечнай абстаноўцы. Праціўнікам альпіністаў было не толькі надвор'е (высокая вільготнасць і перапады тэмператур), але і складаная абстаноўка ў правінцыі Папуа: мясцовыя папуасы-бандыты ваююць з паліцыяй і насельніцтвам.
З-за небяспекі нападу да падножжа піраміды альпіністаў дастаўлялі верталётам. Таму яны і вырашылі адмовіцца ад акліматызацыі. Звычайна на гэта трацяць да трох дзён.
На піку вышынёй у 4 884 м Вадзім Фралоў разгарнуў сцяг Беларусі. На вяршыні піраміды Карстэнс таксама быў разгорнуты і сцяг Гродна.
У той дзень, акрамя беларускага, на піку былі яшчэ два сцягі: расійскі і ўкраінскі. Група і называла сябе «тры сястры».
Галоўная мара для Вадзіма Фралова цяпер - Эверэст. Ён хоча падняцца вышэй «зоны смерці» - 8 тыс. м над узроўнем мора.