У школах ЗША курс пісьма ад рукі («рукапіснага шрыфту») не з'яўляецца абавязковым. Некаторыя краіны выключылі яго са сваіх адукацыйных стандартаў або зрабілі яго прадметам па выбары. Чаму тады астатнія (накшталт Вялікабрытаніі) па-ранейшаму настойваюць на яго неабходнасці ў лічбавую эпоху? Можа быць, лепей навучыць дзяцей хутчэй друкаваць на клавіятуры?

Апытанне брытанскай паштовай кампаніяй Docmail дзвюх тысяч дарослых людзей у 2012 годзе паказала, што ў сярэднім кожны з іх у апошні раз што-небудзь пісаў ад рукі 41 дзень таму. Для гэтых мэтаў цалкам дастаткова пісаць зразумелымі «друкаванымі» літарамі, якія дзеці вучаць перш за ўсё. 

Амерыканскія штаты накшталт Індыяны цалкам адмовіліся ад урокаў пісьма «курсівам». Фінляндыя ўжо скараціла праграмы навучання пісьму ад рукі, тое ж робіць усё больш школ у Індыі.

Прыхільнікі адмены ўрокаў звычайна тлумачаць гэта тым, што ўкладзены ў іх час можна было б выдаткаваць на больш актуальныя прадметы накшталт набору тэксту на клавіятуры або праграмавання.

Але ўрокі пісьма ад рукі для дзяцей маюць шэраг пераваг перад набіраннем тэксту на клавіятуры.

У сваёй працы ад 2005 года навукоўцы з французскага ўніверсітэта Экс-Марсэль параўналі друкаванне з пісаннем для дзяцей ва ўзросце ад трох да пяці гадоў, каб высветліць, ці будуць яны пасля па-рознаму пазнаваць літары. 

Па іхніх звестках, у больш сталым узросце дзеці, якіх вучылі пісаць ад рукі, запаміналі літары лепш.

Даследаванне 2012 года пайшло далей і пратэставала пяцігадовых дзяцей, якім толькі трэба было навучыцца пісьму і чытанню.

У адрозненне ад дзяцей, якія друкавалі літары на клавіятуры, у тых, хто пісаў, была задзейнічаная зона мозгу, што таксама выкарыстоўваецца падчас чытання.

Навукоўцы выказалі гіпотэзу, што фізічны акт пісання дапамагае дзецям навучыцца чытаць. Пазнейшыя даследаванні кажуць таксама пра тое, што навучанне пісанню праз назіранне за кімсьці, хто піша (замест таго, каб пісаць самастойна), не прыносяць дадатковай карысці.

Ці ж ёсць нейкая карысць ад пісання для дарослага чалавека?

Па наяўных дадзеных, пісьмо дапамагае лепш запамінаць інфармацыю людзям, якія даўно выраслі з ранняга школьнага ўзросту.

Пра гэта, у прыватнасці, кажа даследаванне з назвай «Асадка магутнейшая за клавіятуру», праведзенае Каліфарнійскім універсітэтам у Лос-Анджэлесе і апублікаванае ў 2014 годзе.

У ім робіцца здагадка, што звычка пісаць тэксты на ноўтбуку сярод студэнтаў можа «нашкодзіць навучанню, бо іх выкарыстанне прыводзіць да больш павярхоўнага засваення інфармацыі».

Навукоўцы прасілі студэнтаў канспектаваць лекцыі, карыстаючыся альбо ноўтбукамі, альбо паперай і ручкай, а затым правяралі іх на запамінанне фактаў і разуменне больш глыбокіх канцэптуальных пытанняў.

У выніку выявілася, што студэнты, якія робяць канспекты пры дапамозе ручкі і паперы, як правіла, засвойвалі інфармацыю на больш глыбокім узроўні.

«Калі нехта кажа вам штосьці, і вы гэта запісваеце ад рукі, вы перафразоўваеце, вы нейкім чынам прысвойваеце сабе гэта і пераказваеце сваімі словамі», — пракаментавала даследаванне доктар Джэймс, адна з яго аўтарак.

Надрукаваныя на камп'ютары канспекты, хай яны і рабіліся хутчэй, больш нагадвалі стэнаграмы, чым асабістыя запісы.

Культура рукапісу

Нам усім прыемна любавацца элегантнасцю прыгожага почырку. Майстэрская каліграфія добра глядзіцца ў салідных дакументах і запрашэннях на вяселле.

З іншага боку, дрэнны почырк прыводзіць да горшых вынікаў на іспытах, паказала даследаванне Фонду Карнэгі. Тыя ж самыя думкі і ідэі, выказаныя «ў менш разборлівай форме на паперы», выкладчыкі ацэньвалі ніжэй.

Абаронцы ўрокаў пісьма таксама нагадваюць, што назапашаныя за мінулыя стагоддзі манускрыпты не змогуць прачытаць тыя, каго пісаць ад рукі ніколі не вучылі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?