Яшчэ ў жніўні Прэзідыум НАН РБ паведаміў пра тое, што вакантныя 13 званняў акадэмікаў і больш за 30 членаў-карэспандэнтаў. Набліжаецца дзень галасавання — 16 лістапада. Усе прэтэндэнты вызначаны, раскладамі дзеліцца «Белпартызан».

Так, на адну вакансію акадэміка ў галіне беларускай філалогіі ёсць толькі адзін прэтэндэнт. Гэта доктар філалагічных навук, прафесар, член-кар НАН РБ, дырэктар Інстытута мовазнаўства Аляксандр Лукашанец. Такім чынам, Лукашанец мае ўсе шанцы.

А вось за званне акадэміка па спецыяльнасці «гісторыя Беларусі» намячаецца барацьба. Вакансія адна, а кандыдатаў двое. Гэта спецыяліст па партыі, хутчэй ідэолаг, чым гісторык, Уладзімір Бабкоў і былы дырэктар Інстытута гісторыі НАН РБ Аляксандр Каваленя. Шанцаў у Кавалені больш, бо цяпер ён з'яўляецца акадэмікам-сакратаром у аддзяленні гуманітарных навук. Аднак за шэсць гадоў дырэктарства Кавалені ў Інстытуце гісторыі ў выніку перапрафілявання аддзелаў інстытута працу ў ім страцілі многія вядомыя гісторыкі. У тым ліку — Генадзь Сагановіч, Андрэй Кіштымаў, Сяргей Тарасаў, Яўген Анішчанка. Той жа Анішчанка, да прыкладу, публічна заяўляў, што «на пасадзе дырэктара Каваленя ператварыў Інстытут гісторыі ў магілу, паколькі знішчыў у навуковай установе апошнія рэшткі акадэмічных свабодаў, якія паважалі нават у савецкія гады».

Барацьба намячаецца і за адзіную вакансію акадэміка па спецыяльнасці «оптыка». Прэтэндэнтаў двое: доктар фізіка-матэматычных навук, спецыяліст па лазернай фізіцы Уладзімір Белы і яго калега, які спецыялізуецца на фізіцы інфрачырвоных прамянёў, Сяргей Ціхаміраў.

Яшчэ больш вострая канкурэнцыя будзе за званне акадэмікі па спецыяльнасці «інфармацыйныя тэхналогіі» — адна вакансія і чатыры прэтэндэнты.

Пяць вылучэнцаў на два месцы і на званне «акадэмікаў ад зямлі», гэта значыць па спецыяльнасці «аграпрамысловыя тэхналогіі». У ліку прэтэндэнтаў галоўны льнавод краіны Іван Голуб, галоўны па харчаванні Зянон Лоўкіс, ініцыятар стварэння руху «Белая Русь» Вітольд Песціс, гендырэктар РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве» Фёдар Прывалаў і Пятро Казакевіч — аўтар шматлікіх плугоў, ільноўборачных машын, комплексаў для меліярацыі.

Што тычыцца членаў-карэспандэнтаў, то былы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў паспрабуе атрымаць гэтае званне па спецыяльнасці «інфармацыйныя тэхналогіі». Дэпутат Ігар Марзалюк можа стаць член-карам па спецыяльнасці «археалогія», экс-старшыня Канстытуцыйнага суда і экс-генпракурор Рыгор Васілевіч вылучаны кандыдатам у член-кар па спецыяльнасці «правазнаўства», а галоўны трансплантолаг Алег Румо, адпаведна, па спецыяльнасці «транспланталогія».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0