Яны стрэліся, нібы менскі і варшаўскі – на брэсцкім вакзале.
Ён крычаў: «Пакажыце мне прыгажуню!» Яму паказалі.

Яны выпілі на дваіх тры бутэлькі й чатыры кухлі,
а калі рэстаран зачынілі, працягнулі ў яе на кухні.

Яна трымала ў руцэ два нажы, нібыта нажніцы – Даліла.
Ён казаў: «Патрабую даліву бладзі мэры!» Яна даліла.

Зранку ён пачуваўся адрэзанай галавой прафэсара Доўля,
зь якою ўдавіца Юдзіф гуляла на шабашы ў боўлінг.

Яны поўзалі ў Брэсцкай крэпасьці па ваду з трафэйнаю каскай.
На чацьверты дзень ён адчуў, што жыцьцё зрабілася казкай.

Ён заходзіў – замест матадора – у вальер Белавескай пушчы,
а яна крычала: «Ў атаку!» і «І як цябе сёньня плюшчыць!»

Яна хлопца прадставіла тату, кандыдату сур’ёзных навук,
як аматара ставіць вопыты, ці праводзіць гарэлка гук.

Ён прадставіў яе сваёй маме, незалежных СМІ журналістцы,
як фанатку, якая ў гарачыя кропкі возіць Божае Слова ў валізцы.

Ён разгадваў зь ёй перад сном адну на дваіх крыжаванку,
але дабрадзейка-фартуна рыхтавала яму падлянку.

Ён паехаў у падарожжа, каб крыху зарабіць на вясельле:
накасіць травы ў Амстэрдаме, нарубіць капусты ў Брусэлі,

але покуль саамахвярна ў Галяндыі нешта пакурваў,
яго дзеўка падступна крочыла па сьлізкай сьцяжыне курваў.

Покуль ён і такія, як ён, апявалі ў вершах нявест,
зь ёй пабраўся дырэктар заводу газавых плітаў «Гэфэст».

Але ўжо засталося нядоўга радавацца сабаку,
бо яна і яго хутка кіне – і зьбяжыць са студэнтам хімфаку.

А герой напіваўся і трызьніў багіняй сваёй бязбожнаю,
і памёр ад ранішняй смагі, нам пакінуўшы рыфму апошнюю,

што такіх, як яна, не спакусіце вершам і ня купіце за даляр вы...
Дык чаго яны з намі так жорстка? Бо апошняя рыфма «лярвы».

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0