Гродзенская галерэя «Крыга» спыніць сваё існаванне. Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў стваральнік прасторы, каваль Юрась Мацко. 

Для Юрася Мацко закрыццё было нечаканасцю.

Для Юрася Мацко закрыццё было нечаканасцю.

Сёння ў «Крыгу» прыйшлі супрацоўнікі ЖРЭУ, ЖЭСа ў суправаджэнні міліцыі і паведамілі арандатару Юрасю Мацко, што дамова арэнды разарваная і ён павінен вызваліць памяшканне.

57-гадовы Юрась Мацко — вядомы гарадзенскі каваль і мастак, член Саюза мастакоў.

У «Крызе» праходзілі выставы, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Гэта быў свайго кшталту гродзенскі аналаг менскай «Галерэі Ў». У суседнім памяшканні месціцца Цэнтр гарадскога жыцця — грамадзянская ініцыятыва, што займаецца аналагічнай дзейнасцю, многія імпрэзы «Крыга» і Цэнтр гарадскога жыцця ладзілі разам.

Цяпер у «Крызе» праходзіць выстаўка магілёўскіх мастакоў Андрэя Вараб'ёва і Аксаны Еўдакіменка. 20 лістапада мела адбыцца сустрэча з мовазнаўцам Алегам Трусавым.

Каваль Юрась Мацко арандаваў памяшканне, у якім месцілася «Крыга», у горада. Вясной гэтага года дамова арэнды была падоўжаная. 

Фармальнай зачэпкай для закрыцця «Крыгі», кажа Мацко, стала часова забітае гіпсакардонам — «гадоў 5 таму» — акно. Гэта было патрэбна для лепшай эрганомікі памяшкання, каб была дадатковая выставачная прастора. Але цяпер гэта дало падставы для абвінавачвання ў незарэгістраванай перапланіроўцы.

Вярнуць памяшканне ў ранейшую планіроўку, па словах Мацко, ніхто не патрабаваў.

Ці звязанае выгнанне «Крыгі» з лекцыяй расійскага прафесара-анархіста, якая нядаўна мела там адбыцца і якому ўлады выступіць не далі? Цяжка сказаць. «Ніхто пра гэта нічога не казаў, магчыма, гэта была адна з кропель», — кажа Юрась Мацко. Афіцыйных папер, якія сталі падставай для разрыву дамовы арэнды, Мацко пакуль не бачыў.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?