Экс-нардэп украінскай «Свабоды» Ігар Мірашнічэнка заклікаў увесці візавы рэжым з Беларуссю з-за таго, што нашая краіна мае адкрытую мяжу з Расіяй і супольныя вайсковыя інтарэсы з ёй, а таксама стварыць дыверсійна-выведвальныя групы на беларускай тэрыторыі. Пра гэта Мірашнічэнка заявіў у эфіры тэлеканала «112 Украіна».

«Тое, што мы гаворым на ўзроўні дыпламатыі, не азначае, што мы ідэнтычна павінны дзейнічаць на падпольным узроўні. А паколькі Беларусь сёння практычна мае агульную мяжу і сумесныя ваенныя інтарэсы з РФ, то, кажучы пра тое, што трэба ўжываць візавы рэжым з Расеяй, мы павінны гаварыць пра тое самае і ў адносінах да Беларусі», — заявіў Мірашнічэнка.

Мірашнічэнка дадаў, што Украіна павінна праводзіць дзейнасць дыверсійна-выведвальных груп у Беларусі, каб вырваць краіну са сферы ўплыву РФ.

«Дыпламатыя павінна прытрымлівацца здаровага глузду, а мы павінны дакладна разумець, што мінскі працэс, ягоны сцэнар пішацца не ва ўкраінскіх інтарэсах, гэтак жа і месца правядзення гэтых перамоваў — дэ-факта варожай тэрыторыі. Мы павінны рабіць усё для таго, каб вырваць Беларусь з гарызонту, з сферы ўплыву РФ. Дыпламаты павінны рабіць гэта на сваім узроўні рознымі спосабамі, але павінны дакладна разумець, што без, і я шчыра i сур'ёзна кажу, без стварэння сур'ёзных дыверсійна-выведвальных груп і правядзення дыверсій на тэрыторыі, у тым ліку інфармацыйнай, Беларусі, РФ, мы гэтага не даб'емся», — заявіў Мірашнічэнка.

На ўкраінскай палітычнай сцэне Ігар Мірашнічэнка лічыцца прадстаўніком радыкальна правых сіл. 10 снежня 2012 году доктар філасофскіх навук, прафесар, кіраўнік Сумскай гарадской арганізацыі ВА «Свабода» Іван Мазгавы пакінуў партыю «Свабода» ў знак пратэсту супраць сяброўства ў ёй Мірашнічэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0