Ён — былы спартсмен, чэмпіён па бодзібілдынгу. Яна — гаспадыня чайнай школы. Шэсць гадоў таму Кірыл і Таццяна Дубковы вырашылі, што кар'ера ў сталіцы — гэта не тое, на што хочацца траціць жыццё, і перабраліся ў вёску Горная Рута, за восем кіламетраў ад Карэлічаў. Цяпер іх ажно да лістапада радуюць ружы за вакном, а кампанію ў хатніх справах складаюць ездавыя сабакі, паведамляе Звязда.

Дамы ў вёсцы Горная Рута стаяць паасобку, як хутары. На палях яшчэ не рассеяўся ранішні туман. Збочыўшы з дарогі, заўважаем Таццяну ў кампаніі шчанюкоў. Тым усяго толькі чатыры месяцы, а ўжо вымахалі гаспадыні да калена. Здалёк можна падумаць, што з лесу выбегла зграя ваўкоў.

— Быў у нас адзін выпадак. Сусед на кані ехаў, а той заўважыў у пачатку вёскі Умку. Стаў на дыбы і ледзь назад не паскакаў, — расказвае сям'я.

Пасля прабежкі ў шчанюкоў сняданак. Усе чацвёра забягаюць у вальер, садзяцца ў радочак, быццам першакласнікі, і цярпліва чакаюць, пакуль Кірыл па чарзе раскладзе порцыі. Але есці ніхто не пачынае. І толькі пасля каманды «можна» дружна зарываюцца насамі ў корм і грукочуць міскамі.

У каміне патрэскваюць дровы. На стале — свойскія хлеб, тварожны сыр, варэнне. І самаробная духмяная гарбата — яблычная, з ноткамі чабору і сасны. Таццяна і Кірыл расказваюць, як сустрэліся дзякуючы вёсцы. А да гэтага ў кожнага было сваё сталічнае жыццё.

Кірыл займаўся спортам — моднай на той час атлетычнай гімнастыкай. У 1991 годзе стаў апошнім чэмпіёнам Савецкага Саюза па культурызме. Вёў бізнес у гэтай сферы — прадаваў спартыўнае харчаванне, аснашчаў фітнес-цэнтры трэнажорамі — і кіраваў Беларускай федэрацыяй бодзібілдынга і фітнесу. А ў 2011-м сабраўся і пераехаў у вёску.

— Што змянілася? — задумваецца. — Жыццёвыя каштоўнасці. Дзеці — тры дачкі — ужо выраслі, і я падумаў: што я яшчэ павінен зрабіць, каб не было крыўдна за пражытыя гады? Хацелася нечага большага, чым проста траціць і запасіць. Хоць я далёка не аграрый, даўно марыў пра ежу са свайго агарода і прыгожы сад з пладовымі дрэвамі.

Таццяна ўсё сваё дзяцінства праводзіла летнія канікулы ў вёсцы. Нават калі выбірала прафесію — па першай адукацыі яна настаўнік пачатковых класаў, — думала: як здорава — лета не ў горадзе. А пасля з галавой паглыбілася ў работу. Больш за чатыры гады жыла ў Маскве: працавала там чайным майстрам, рэдактарам кніг, вяла псіхалагічныя трэнінгі.

— Калі вярнулася ў Беларусь, было ўжо адчуванне перасыці сацыяльнымі дасягненнямі, — дзеліцца Таццяна. — Я купіла домік у глыбінцы на мяжы з Літвой. Сапраўдная глуш. Мясцовыя глядзелі на мяне як на вар'ятку: маўляў, так не можа быць, каб дарослы забяспечаны чалавек выбраў лес замест гіпермаркета і печку замест саўны. Пражыўшы там практычна год, я зноў прыехала ў Мінск і адкрыла сваю справу — у мяне была чайная школа: я вяла цырымоніі, запусціла інтэрнэт-краму.

Але вывучаючы культуру Усходу, усё больш імкнулася да прыроды, размеранага ладу жыцця. Каб весці бізнес, наняла памочнікаў, а сама большую частку часу праводзіла ў тым дамку на паўночным захадзе Беларусі.

Пазнаёмілася пара шэсць гадоў таму ў гасцях у агульнай сяброўкі, якая жыве ў вёсцы непадалёк. Кірылу тады запала ў душу і Таццяна, і гэтая мясцовасць.

— Я ўбачыў дубы, ручай. Сеў на лаўку, прыслухаўся, удыхнуў паветра. Усё вакол загаласіла: «Так, так!» — успамінае ён. — Прыехаў у Мінск — не магу. Тыдзень вытрымаў і вярнуўся сюды. Купіў дом і застаўся.

А праз год Таццяна прадала бізнес і пераехала да яго. «У вёсцы мы шмат гісторый пра сябе чулі. Напрыклад, што Кірыл — палкоўнік КДБ у адстаўцы, а дарожкі да нашага дома выкладзены чырвонай цэглай», — смяюцца.

Сям'я прызнаецца: калі пераехалі, не ведалі за што хапацца. Увагі патрабаваў і дом, і ўчастак. Хату Кірыл абшыў і ўцяпліў. Заняўся ўнутраным аздабленнем. Падлога, печ, ложкі, крэслы — усё зроблена сваімі рукамі. Калі быў патрэбны посуд, Таццяна наляпіла талерак і кубкаў з гліны, неабходны фіранкі — асвоіла пэчварк (шыццё з абрэзкаў тканіны).

Маламуты з'явіліся адразу пасля пераезду. Кірылу быў патрэбны кампаньён, каб займацца фізкультурай, таму выбар прыпаў менавіта на гэту пароду. Спачатку завялі Умку, пасля — Асканню. А летам размераны лад жыцця парушылі шчанюкі. Таццяна з усмешкай успамінае: пару апошніх месяцаў, калі гадавалі ўсіх дзевяцярых, нагадвалі нейкі марафон.

Сям'я часта прагульваецца са шчанюкамі па вёсцы. У першыя месяцы жыцця сабакам трэба пазнаёміцца з як мага большай колькасцю людзей, гукаў, пахаў: гэта важна для іх адаптацыі. А ў дарослых маламутаў рэгулярныя трэніроўкі — прабягаюць з Кірылам ад трох да дзесяці кіламетраў. Узімку на шпацыр адпраўляюцца штодня: гэта парода абажае марознае надвор'е.

Бегаць у вупражы сабак прывучаюць з маленства. На шчаня надзяваецца шлейка, каб ён да яе прывыкаў. Потым прывязваецца лёгкі груз — напрыклад, бярвенца. Важна, каб сабака рухаўся рыссю. Праходзіць час — і ён сам пачынае выбягаць наперад. «А вы яго хваліце, — дадае Кірыл. — У нашых сабак галоўны матыватар бегчы — пахі звяроў і магчымасць сустрэць новых людзей. У маламутаў розныя характары: Умка «ірве» са двара, а Аскання — дадому».

— Чаму ў спаборніцтвах не ўдзельнічаеце?

— Сабакам гэта не патрэбна. А я свае спартыўныя амбіцыі ўжо рэалізаваў.

Па словах гаспадароў, карміць маламутаў не так складана, як здаецца. Дзённая порцыя для дарослага сабакі — паўкіло мяса (ці субпрадуктаў), крупы і гародніна. У месяц на харчаванне аднаго гадаванца ідзе каля ста рублёў.

— А суседскіх курэй не крадуць?

— Было аднойчы. Але нават добра выхаваны сабака, калі ён гуляе без нагляду чалавека, можа не ўтрымацца ад гэтага — інстынкты возьмуць верх.

Дарослыя маламуты дапамагаюць і па гаспадарцы: прыцягваюць бярвёны, камяні ў покрыўках. Неяк трэба было завезці дадому крынічную ваду, а джып зламаўся. Кірыл пагрузіў бочкі ў велізарныя сані, спрабаваў зрушыць сам — не змог. Запрэглі Умку — ён лёгка пацягнуў.

Маламуты, дарэчы, не адзіныя жывёлы ў гэтай сям'і. У доме разам з намі грэюцца малая Ніколь (сумесь таксы з карлікавым пінчарам), кошка Марфа і кот Ліс. Апошні нават не злез з печы, каб павітацца: праспаў увесь дзень.

— Як думаеце, чаму людзей, якія пераязджаюць з горада ў вёску, становіцца ўсё больш?

— Мне здаецца, гэта натуральная з'ява, — лічыць Таццяна. — Грамадства спажыўцоў дайшло да піку, тэхналагічны свет ужо вычарпаў сваю прыцягальнасць, і людзі шукаюць штосьці сапраўднае. Я крыху зайздрошчу той моладзі, якая прыходзіць да гэтых высноў рана. У іх ёсць магчымасць і дом на прыродзе пабудаваць, і сям'ю тут стварыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?