Мінская міліцыя затрымала 40-гадовага грамадзяніна Расіі, які абрабаваў кур'ера інтэрнэт-крамы.

Мужчына прыехаў у Менск 9 лістапада — як ён распавёў міліцыянтам, планаваў сустрэцца з сяброўкай. Але сустрэча адмянілася, а ён вырашыў застацца на некаторы час і зняў жыллё на суткі.

Каб нідзе не пакінуць свайго імені, госць па розных прычынах адмаўляўся даваць пашпарт для заключэння дамовы гаспадыні кватэры, аднак за жыллё плаціў.

У нейкі момант мужчына вырашыў «здабыць» сабе добры фотаапарат. Для гэтага ён распрацаваў цэлую схему.

Мужчына замовіў фотаапарат. Калі праз некаторы час прыехаў кур'ер, патэлефанаваў мужчыну, той сказаў, што падыходзіць да дома. Сустрэча адбылася ў машыне. Расеец, уважліва вывучыўшы фотаапарат, запрасіў кур'ера дадому.

Калі ж яны падышлі да кватэры, расеец адкрыў дзверы, прапусціў кур'ера першым і, як толькі той апынуўся ў пярэднім пакоі, зачыніў звонку дзверы. Фотаапарат застаўся у зламысніка. Каб ахвяра не змагла паклікаць на дапамогу праз вокны, расеец загадзя зняў з іх ручкі.

А пад лесвіцай ў пад'ездзе схаваў прас, які напярэдадні скраў з кватэры.

«Да злачынства ён падрыхтаваўся старанна, прадумаў усё да дэталяў, нават купіў жаночую куртку, капялюшык і чаравікі 36-га памеру. Яны стваралі эфект прысутнасці жанчын у кватэры, што было яму на руку. Дзякуючы гэтаму адзін раз яму ўдалося не пусціць у дом гаспадыню: спаслаўся, што ў пакоі спіць жанчына. А кур'ер, убачыўшы жаночыя рэчы, нічога не западозрыў», — распавёў намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мікалай Шыбалка.

Праўда, праз восем гадзін пасля здзяйснення злачынства расейца затрымалі. Высветлілася, што за гэты час ён паспеў зняць нумар у хостэле. Пры ім на момант затрымання былі фотаапарат і прас. У міліцыі ён распавёў, што на злачынства яго штурхнула крыўда, якую ён некалі затаіў на расійскую інтэрнэт-краму. Такім чынам проста вырашыў адпомсціць.

Цяпер мужчыну можа пагражаць да 8 гадоў пазбаўлення волі, па факце рабавання распачата крымінальная справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?