Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада зацвердзіў указ «Аб міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы».

Станіслаў Зась. Фота Belta.by.

Станіслаў Зась. Фота Belta.by.

Кіраўнік камісіі, дзяржсакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась у інтэрв’ю аб стварэнні падобнага органа даў зубадрабільныя тлумачэнні.

«Стварэнне Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы абумоўлена інтэнсіўным нарошчваннем небяспечных тэндэнцый у глабальнай і нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, неабходнасцю павышэння эфектыўнасці дзейнасці суб'ектаў, якія вырашаюць разнапланавыя задачы па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі», — сказаў Зась.

Найбольш цікавым бачыцца склад гэтай камісіі. Што за людзі будуць вырашаць пытанні інфармацыйнай бяспекі?

Найперш гэта кіраўніцтва Рады бяспекі. Апроч самога Станіслава Зася, сюды ўвайшлі два ягоныя намеснікі — Уладзімір Арчакаў і Алег Макараў.

Адміністрацыю прэзідэнта прадставіць Максім Рыжанкоў, у абавязках якога цяпер значацца і ідэалагічныя пытанні. Таксама ў камісіі прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант і начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Ільясевіч.

Вялікі блок сілавікоў: гэта і старшыня КДБ Валерый Вакульчык, і міністр абароны Андрэй Раўкоў, і кіраўнік МУС Ігар Шуневіч. Звяртае ўвагу, што асабіста не прадстаўлены начальнік Следчага камітэта Іван Наскевіч, яго ведамства ў камісіі прадстаўляе намеснік Сяргей Аземша.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка зладзіў публічны разгон Аператыўна-аналітычнага цэнтра. Першапачаткова была інфармацыя, што ад пасадаў адхіленае ўсё кіраўніцтва ААЦ. Потым фармулёўкі падкарэктавалі, абазначыўшы, што адхіленыя толькі «некаторыя». Бачым, што ў складзе камісіі намеснік начальніка ААЦ Канстанцін Шульган.

Журналісцкі блок прадстаўляюць галоўны рэдактар «СБ» Павел Якубовіч, кіраўнік АНТ Марат Маркаў і міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

Звяртае ўвагу, што ў камісію не ўвайшоў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Гэта выглядае парадаксальна, бо БТ з’яўляецца найбуйнейшай медыйнай адзінкай у краіне. Нідзе няма столькі супрацоўнікаў і такога фінансавання, як у Белтэлерадыёкампаніі. Тым не менш, Давыдзька апынуўся па-за спісам.

Затое ёсць у ім дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк. Яшчэ ў пачатку 2000-х Марзалюк сімпатызаваў апазіцыі, быў сябрам сацыял-дэмакратаў. Аднак потым стаў прыхільнікам дзейнай улады. Спачатку спадар Марзалюк быў членам Савета Рэспублікі, а цяпер з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Пры гэтым прынцыпова карыстаецца беларускай мовай.

На думку вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, гэта адна з рэакцый на шэраг інфармацыйных правалаў падчас вучэнняў «Захад-2017». 

Чытайце таксама: «Нам трэба Інфавойскі». «Трэба мяняць інфармацыйную сістэму». Што кажуць эксперты па выніках «Захаду-2017»

«Падзеі падчас вучэнняў паказалі, што нашыя пазіцыі не вельмі моцныя, — лічыць Алесін. — І як бы сябе не хваліла Міністэрства абароны, да кіраўніцтва краіны ўсё ж дайшло, што нешта трэба рабіць: гэта і новая камісія, і змена міністра інфармацыі. Гляньце: новы міністр [Карлюкевіч] па адукацыі ваенны журналіст, гэта выразна паказвае вектар яго работы. Ідзе рэарганізацыя інфармацыйнай работы. Тут жа і гісторыя з ААЦ: падчас яго стварэння не была ацэненая велічыня пагроз у інфармацыйнай сферы. Бо сёння інфармацыйная вайна — гэта хіба не большы, чым вайсковы, складнік гібрыднай вайны. Я думаю, што патрэба дзяржавы ў аналітыках у гэтай сферы будзе толькі павялічвацца. А ўвогуле, нам патрэбна ўцямная стратэгія кібернетычнай вайны як дадатак да вайсковай дактрыны». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?