Чарговым госцем Інтэлектуальнага клуба Святланы Алексіевіч стане Аляксей Маслаў, прадстаўлены як «усходазнаўца, прафесар, доктар навук і акадэмік».
«Маслаў шмат у чым асоба легендарная. Ён — генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі шааліньскіх баявых мастацтваў, першы з еўрапейцаў, які прайшоў навучанне ў Акадэміі ушу манастыра Шаалінь і атрымаў поўнае пасвячэнне і імя Шы Сін'ін («Вандроўны арол»), стаўшы пасвечаным паслядоўнікам шааліньскай традыцыі ў 32-м пакаленні», — гаворыцца ў анонсе сустрэчы.
Маслаў мае выступіць 27 лістапада ў канферэнц-зале гасцініцы «Беларусь», паразважаць на тэмы Азіі і Кітая ды папулярна расказаць пра кітайскую культуру і гандлёвую экспансію.
«Наша Ніва» пацікавілася асобай новага спікера Інтэлектуальнага клуба. Выглядае, што гэта чалавек з вельмі неадназначнай навуковай рэпутацыяй.
Найперш, ён «акадэмік» РАЕН. Але РАЕН — гэта фактычна друкарня, якая за грошы штампуе пасведчанні «акадэмікаў», «членаў-карэспандэнтаў» і «прафесараў». РАЕН назвай мімікрыруе пад аўтарытэтную РАН — Расійскую акадэмію навук, — але сама навуковай установай не з'яўляецца.
Некалі мы пісалі, як РАЕН выдавала званне «залатой кафедры» Віцебскай ветэрынарнай акадэміі — нашай Рэдакцыі яны гатовыя былі выдаць такую самую за адпаведную плату.
Чытайце таксама: Адкуль у віцебскім універсітэце ўзялася псеўданавуковая «Залатая кафедра Расіі»
Апроч таго, што Маслаў не акадэмік, цікава выглядае яго публіцыстычны шлях: у 1990-х ён адна за адной выдаваў кнігі пра ушу, іншыя баявыя культуры Кітая і Цыгун, тады ж абараніў доктарскія ступені — яны потым трапілі ў поле зроку расійскіх змагароў з псеўданавукай, якія выкрылі, што навуковыя работы, заяўленыя ў аўтарэфератах Маслава, не існуюць.
Потым, у 2000-я, Маслаў радыкальна пашырыў свае навуковыя інтарэсы, пачаўшы пісаць кнігі іншага профілю.
«Другое чалавецтва. Тут нехта пабываў да нас», «Мудрацы Атлантыды», «Дыханне Шамбалы», «Загадкі, таямніцы і коды цывілізацыі Майя», — вось некаторыя з твораў Маслава.
Варта таксама адзначыць, што некаторыя кнігі з найбольш навукападобнымі загалоўкамі, па словах самога Маслава, у адкрытым доступе не існуюць, бо «рукапісы канфіскаваныя КДБ».
Гэты чалавек неаднаразова трапляў пад крытыку сапраўдных акадэмікаў і даследчыкаў культур Усходу, існуе нават сайт, дзе разбіраюцца ўсе яго рэгаліі — створаны, відаць, кімсьці з акадэмічнай тусоўкі.
Адметна, што і артыкул пра яго на Вікіпедыі папярэджвае пра «выразны рэкламны характар».
Ці не можа такі выбар спікера нашкодзіць самой ідэі Інтэлектуальнага клуба?
Мы спыталіся пра гэта ў Святланы Алексіевіч.
«Маслаў лічыцца ў Вышэйшай школе эканомікі спецыялістам. Я чула добрае меркаванне пра яго, Маслава назвалі, калі я стала наводзіць даведкі пра найлепшага знаўцу Кітая. У яго папулярныя лекцыі, цікавыя думкі пра свет Азіі, што нам і трэба.
І я давяраю лектарам, якіх запрашаюць у Школу эканомікі. І Уліцкая хваліла яго, яшчэ хтосьці… І гэта натуральна, што пра яго будуць і кепскія водгукі, пра мяне таксама шмат чаго пішуць у інтэрнэце.
Не хацелася б, канечне, каб у тэме Азіі мы аказаліся ў руках павярхоўнага чалавека. Давайце самі паглядзім і зробім высновы. Бо адмяняць сустрэчу мы ўжо не будзем, канечне», — сказала нам Святлана Алексіевіч.





