Учора ў фэйсбуку сталі з'яўляцца фатаграфіі новай скульптуры каля будучага прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна на Асмалоўцы. Многія прыйшлі да высновы, што гэта першы ў Мінску помнік Уладзіміру Караткевічу. CityDog.by даведаўся, ці гэта так.
Скульптура на вуліцы Камуністычнай сапраўды падобная на помнік Караткевічу. Пры Латушку яго хацелі паставіць у Мінску яшчэ ў 2010—2011 гадах. Будаўнікі таксама кажуць, што гэта помнік беларускаму класіку ў маладосці.
Як аказалася, помнік паставіў прадзюсарскі цэнтр «Спамаш», які хутка пераедзе ў гэты будынак у Асмалоўцы. Там сказалі, што гэта не помнік, а скульптурная кампазіцыя «Прысвячэнне паэту». Яе аўтар — Уладзімір Слабодчыкаў.
Скульптар пацвердзіў, што правобразам скульптуры стаў партрэт Караткевіча ў маладосці.
— Але гэта не помнік у гонар вялікага паэта і пісьменніка. У гэтым месцы іншае асяроддзе, іншыя ўмовы. Шчыра кажучы, менш за ўсё хацелася б, каб гэтая скульптурная кампазіцыя замяніла сапраўдны помнік Уладзіміру Сямёнавічу, які даўно час паставіць у Мінску, — сказаў Слабодчыкаў.
Афіцыйна скульптурную кампазіцыю «Прысвячэнне паэту» прэзентуюць у найбліжэйшы час на ўрачыстым адкрыцці прадзюсарскага цэнтра «Спамаш».
У 2014 годзе дом № 24 на Камуністычнай аддалі пад прадзюсарскі цэнтр «Спамаш», створаны гаспадаром «Амкадора» Аляксандрам Шакуціным.
Згодна з першапачатковым праектам, цалкам зносіць двухпавярховік не планавалі — павінны былі зрабіць рэканструкцыю, пакінуўшы адну з чатырох вонкавых сцен. Але будынак усё-ткі цалкам пайшоў пад бульдозер.
Мясцовыя пісалі скаргі ў розныя інстанцыі, але гэта ніяк не паўплывала на будаўніцтва.